Беларусы перад МУС Грузіі пратэставалі супраць адмовы ў палітычным прытулку

Пікет беларусаў у Тбілісі. Архіўнае фота

Акцыя супраць дыскрымінацыі беларусаў у Грузіі, у прыватнасьці адмовы ў палітычным прытулку, прайшла пад канцылярыяй ураду ў Тбілісі, паведаміў «Позірку» адзін з арганізатараў праваабаронца Раман Кісьляк.

Паводле яго, гэта ўжо другая акцыя з сэрыі падобных.

«Было шмат паліцыянтаў, яны цікавіліся, супраць чаго мы пратэстуем. Але не перашкаджалі», — дадаў Кісьляк.

Акцыя працягвалася дзьве гадзіны, у ёй узялі ўдзел чатыры беларусы.

Першы пікет адбыўся 4 лістапада каля аднаго з будынкаў Міністэрства ўнутраных справаў Грузіі, дзе знаходзіцца офіс міністра. Як адзначыў праваабаронца, людзі цікавіліся акцыяй, у асноўным усё было пазытыўна, машыны, якія праяжджалі міма, сыгналілі, але адзін з кіроўцаў паказаў непрыстойны жэст.

Кісьляк паведаміў, што пікеты будуць ладзіцца штотыднёва, «пакуль дыскрымінацыя ня спыніцца і сытуацыя ня будзе вырашаная».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Думкі пра пераезд. Як беларусы Грузіі ўспрынялі перамогу «Грузінскай мары» на выбарах

Кісьляк атрымаў адмову ў прытулку і зьвярнуўся ў суд. Разгляд справы меў распачацца 30 кастрычніка, але пасьля кароткага пасяджэньня быў перанесены на 11 лістапада. Апошняе пасяджэньне доўжылася 20 хвілін:

«Абмяркоўваліся працэдурныя, працэсуальныя пытаньні. У сувязі з тым, што прадстаўнікі пазванага — дэпартамэнту міграцыі МУС — не зьявіліся, разгляд перанесьлі на 25 лістапада», — паведаміў беларускі праваабаронца.

У той жа дзень пачнецца разгляд скаргі на адмову ў прытулку удзельніцы Каардынацыйнай рады, трэнэру ў адзінаборствах Марыне Зялёнай (Калінінай).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Міграцыйная служба нічога ня ведае і ня хоча ведаць пра нашу краіну». Беларусы — пра адмовы ў прытулку ў Швэцыі і Баўгарыі