Беларус, якога ў Польшчы абвінавачваюць у падпалах, мае «карту паляка»

Ілюстрацыйнае фота

Польскія спэцслужбы гавораць, што мужчына быў удзельнікам злачыннай групоўкі, якая на заказ расейскай выведкі ўчыняла падпалы і іншыя акты сабатажу ў Польшчы.

Беларуса, якога ў Польшчы падазраюць у спробе падпалу, завуць Яраслаў С., ён знаходзіўся ў Польшчы легальна і жыў у гэтай краіне з кастрычніка 2020 году, калі прыехаў зь Беларусі пасьля пратэстаў. У мужчыны была «карта паляка». Такія дэталі ў сваёй публікацыі абнародавала газэта Rzeczpospolita.

Выданьню невядома, ці атрымаў мужчына «карту паляка» дзякуючы польскім караням ці іншым спосабам.

Беларуса падазраюць у спробе падпалу складу матэрыялаў для адстройваньня (фарбаў і тынкоўкі) у Гданьску. У час ператрусу ў яго знайшлі і сканфіскавалі прадметы, якія маглі быць выкарыстаныя ў падобных дывэрсіях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцслужбы Польшчы затрымалі беларуса праз падазрэньне ў падпале ў Гданьску

Мужчына стаў трэцім беларусам, якога затрымалі па абвінавачаньні ў падпалах на заданьне расейскіх спэцслужбаў. Яшчэ ў аднаго фігуранта справы, затрыманага ў траўні, таксама была «карта паляка».

Затрыманьне беларуса — толькі адзін з эпізодаў буйной і скандальнай справы аб падпалах. Служба ўнутранай бясьпекі Польшчы мяркуе, што расейскія спэцслужбы арганізавалі акты сабатажу ў Гданьску, Гдыні і Марках, а таксама плянавалі ўчыніць ва Ўроцлаве.

Усім затрыманым выставілі абвінавачаньні ва ўдзеле ў міжнароднай арганізаванай злачыннай групе, а таксама ў выкананьні актаў дывэрсіі і сабатажу на даручэньні замежнай выведкі. За гэтыя злачынствы прадугледжана пакараньне аж да пажыцьцёвага зьняволеньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыярытэтам для Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы стане барацьба з уплывам Беларусі і Расеі