«Масфільм» перадаў расейскаму войску танкі, баявыя машыны пяхоты і цягачы, заявіў генэральны дырэктар кінаканцэрну, рэжысэр Карэн Шахназараў, падчас сустрэчы з Уладзімірам Пуціным. Пра гэта паведамляецца на сайце Крамля.
«Мы аказалі дабрачынную дапамогу ў 8 мільёнаў сёлета, у тым ліку для патрэбаў СВА (так у Расеі называюць вайну супраць Украіны. — Рэд.). Дарэчы, у 2023 годзе мы перадалі Ўзброеным сілам 28 танкаў Т-55, 8 танкаў ПТ-76, 6 БМП і 8 цягачоў, якія ў нас захоўваліся на вайскова-тэхнічнай базе. Я даведаўся, што ёсьць патрэбы, зьвязаўся зь Міністэрствам абароны — і забралі гэтыя машыны», — цытуе Шахназарава афіцыйны сайт Крамля.
У адказ Пуцін заявіў, што ганарыцца «Масфільмам».
Рэжысэр Карэн Шахназараў, які зьняў папулярныя ў Савецкім Саюзе лірычныя камэдыі «Мы з джазу», «Зімовы вечар у Гаграх» і «Кур’ер», узначальвае кінаканцэрн «Масфільм» з 1998 году. З 2012 году Шахназараў зьяўляецца даверанай асобай Пуціна.
У 2014 годзе Шахназараў падтрымаў анэксію Крыму, у 2020-м — папраўкі ў Канстытуцыю Расеі, якія дазволілі Пуціну «абнуліць» тэрміны свайго прэзыдэнцтва. Цяпер Шахназараў зьяўляецца адным з самых заўзятых прыхільнікаў агрэсіі супраць Украіны. У эфіры дзяржаўнага тэлеканала «Россия-1» рэжысэр прыгразіў праціўнікам вайны «канцлягерамі» і «стэрылізацыяй».
Беларусь таксама дапамагае Расеі, пастаўляючы боепрыпасы і вайсковую тэхніку, якія Расея пасьля выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 20 БМП, 100 танкаў, тысячы тон боепрыпасаў. Як Беларусь дапамагае Расеі зброяй і навошта ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З-пад завалаў дома ў Крывым Рогу, у які ўдарыла расейская ракета, дасталі целы жанчыны і яе траіх дзяцей