Афіцыйны дылер Opel у Беларусі кампанія «Аўтацэнтр РМ Маркет» знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі. Інфармацыя пра гэта зьявілася на сайце часопіса «Юстыцыя Беларусі» і ў Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асобаў, заўважыла «Люстэрка».
Рашэньне аб ліквідацыі ўласьнік фірмы прыняў 6 лістапада.
Кампанія працавала на беларускім рынку з 1994 году. Асноўнымі напрамкамі яе дзейнасьці быў продаж новых і патрыманых аўтамабіляў Opel, а таксама рэалізацыя арыгінальных запчастак і наданьне якасных сэрвісных паслугаў.
У сэрвіс-цэнтры кампаніі працавалі тры пасты дыягностыкі і рамонту электраабсталяваньня легкавых аўтамабіляў, а таксама сем пастоў рамонту і тэхнічнага абслугоўваньня, пасты рэгуляваньня развал-сыходжаньня колаў, шынамантажу і балянсаваньня колаў.
26 чэрвеня 2015 году кампанія адкрыла аўтацэнтар Opel на 3 тысячы квадратных мэтраў на праспэкце Незалежнасьці ў Менску.
Паводле зьвестак з Адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асобаў, уласьнік таксама спрабаваў ліквідаваць кампанію ў траўні 2024 году, аднак ужо ў сярэдзіне ліпеня юрыдычная асоба выйшла зь ліквідацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інвэстыцыі зь Вялікай Брытаніі ўпалі ў 45 разоў, з Польшчы — у 4,5 раза. Як замежны бізнэс сыходзіць зь БеларусіПасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, у тым ліку зь беларускай тэрыторыі, а таксама ў сувязі з падтрымкай рэжымам Лукашэнкі гэтай вайны больш за паўтары сотні замежных кампаній і сэрвісаў спынілі ці абмежавалі сваю працу ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Керамін», Miory Steel, McDonald's. Як беларускія ўлады «махалі рукой інвэстарам»