З 1 снежня 2024 году грузавікі, якія выяжджаюць зь Літвы празь зьнешнюю мяжу Эўразьвязу, павінны будуць загадзя рэгістравацца ў электроннай чарзе. Адпаведны праект пастановы ўрад Літвы ўхваліў 13 лістапада, паведамляе прэс-служба ўраду.
З гэтага часу ўвесь грузавы транспарт, якія накіроўваецца ў памежныя пункты Меднікі і Салечнікі на мяжы зь Беларусьсю, а таксама ў пункт пропуску Кібаарты каля мяжы з Калінінградзкай вобласьцю Расеі, павінен будзе загадзя браняваць выбраны час перасячэньня мяжы ў літоўскай інфармацыйнай сыстэме кіраваньня чаргой (EVIS).
Калі грузавік прыбудзе ў зону чаканьня без рэзэрваваньня часу на перасячэньне мяжы, ён зможа зарэгістравацца ў пункце EVIS на найбліжэйшы вольны час, аднак літоўскія памежнікі «настойліва рэкамэндуюць» рэгістравацца ў чарзе загадзя.
Чакаецца, што ўвядзеньне абавязковай рэгістрацыі грузавікоў у электроннай чарзе дапаможа істотна скараціць іх колькасьць у жывой чарзе ў вышэйназваных пунктах пропуску.
«Папярэдняя рэгістрацыя ўсіх грузавых аўтамабіляў у электроннай чарзе зьяўляецца важнай мерай для павышэньня агульнага ўзроўню бясьпекі на мяжы зь Беларусьсю і Расеяй і для таго, каб на нашых памежных пунктах больш не ўтвараліся кілямэтровыя чэргі з грузавых аўтамабіляў. У цяперашніх геапалітычных абставінах гэта асабліва актуальнае пытаньне, таму мы шчыльна супрацоўнічаем і ўвесь час падтрымліваем кантакт з усімі адказнымі ўстановамі», — заявіў міністар сувязі Літвы Марыюс Скуадзіс.
Кіраўнік Нацыянальнага цэнтру крызіснага кіраваньня Літвы Вільмантас Віткаўскас нагадаў, што для абароны грамадзян Літвы і зьмяншэньня «іншых пагрозаў, якія паходзяць ад беларускага рэжыму», Літва закрыла чатыры памежныя пункты пропуску, таму на астатніх двух — у Медніках і Салечніках — «пэрыядычна сталі ўзьнікаць лягістычныя і іншыя праблемы, што замінала ня толькі перавозчыкам, але і жыхарам навакольных раёнаў».
Гендырэктар Мытнага дэпартамэнту Літвы Дарус Жвіронас адзначыў, што папярэдняя рэгістрацыя «дапаможа правільна сплянаваць рэсурсы мытнікаў па праверцы дэклярацыяў і грузаў на мытных пастах з улікам грузапатокаў, а значыць, больш эфэктыўна забяспечыць кантроль і палепшыць прапускную здольнасьць мытных пастоў». Паводле яго, цяпер на пад’езьдзе да памежнага пункту ў Салечніках дабудоўваюць новую зону чаканьня, якая зможа ўмясцьіць да 550 аўтамабіляў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На мяжы Беларусі з краінамі Эўразьвязу па-ранейшаму застаюцца вялікія чэргі грузавікоў- 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (зь беларускага боку Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). Закрыцьцё памежных пунктаў, сярод іншага, было зьвязана з чарговым абвастрэньнем міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі і краін ЭЗ, які працягваецца зь вясны 2021 году, вялікай колькасьцю кантрабанды зь Беларусі (у асноўным цыгарэт), а таксама іншымі імавернымі пагрозамі ў сувязі з падтрымкай рэжымам Лукашэнкі вайны Расеі супраць Украіны і знаходжаньнем байцоў ПВК «Вагнэр» на тэрыторыі Беларусі.
- На мяжы зь Беларусьсю працягваюць працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).