ФБР арыштавала чалавека, якога вінавацяць у апублічваньні дакумэнтаў амэрыканскай выведкі пра пляны Ізраілю

Ілюстрацыйнае фота

Асіфа Рахмана арыштавалі ў аўторак, 12 лістапада, у Камбоджы, і ён мае стаць перад судом на амэрыканскім архіпэлягу Гуам.

Аднак Міністэрства юстыцыі ЗША зьвярнулася з запытам да фэдэральнага суду, каб перавезьці затрыманага ў штат Вірджынія, дзе мае адбыцца судовы працэс, паведамляе CNN.

Рахмана абвінавачваюць у наўмысным захоўваньні і перадачы інфармацыі датычна нацыянальнай бясьпекі. Паводле CNN, якое спасылаецца на сваю крыніцу, Рахман працаваў на ЦРУ, а дакумэнты суду паказваюць, што ён меў афіцыйны доступ да сакрэтнай інфармацыі.

У кастрычніку ў адным з тэлеграм-каналаў былі апублікаваныя дакумэнты, якія, у прыватнасьці, раскрывалі плян вучэньняў ізраільскіх вайскова-паветраных сілаў. Адзін з дакумэнтаў ускосна паказваў тое, што Ізраіль адмаўляецца прызнаць афіцыйна: што краіна мае ядзерную зброю. У дакумэнтах пры гэтым сьцьвярджалася, што Злучаныя Штаты ня маюць ніякіх сьведчаньняў таго, што Ізраіль зьбіраецца скарыстаць ядзерную зброю супраць Ірану.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэмʼер Ізраіля звольніў міністра абароны на фоне рознагалосьсяў аб стратэгіі апэрацыі ў Газе