У Абхазіі пратэстоўцы дабіліся вызваленьня апазыцыянэраў

Каляж: Сухумі і траса, перакрытая пратэстоўцамі

У Абхазіі 12 лістапада вызвалілі затрыманых апазыцыйных актывістаў, якія выступаюць супраць расейска-абхаскага інвэстыцыйнага пагадненьня.

Іх затрыманьне напярэдадні выклікала масавыя пратэсты ў Абхазіі. Мітынгоўцы заблякавалі ўезды ў Сухумі, паведамляе «Эхо Кавказа».

Большасьць краінаў сьвету прызнае Абхазію аўтаномнай рэспублікай у складзе Грузіі, але грузінскія ўлады не кантралююць Абхазію.

Верхні Гумісьцінскі, Ніжні Гумісьцінскі, а таксама Кадорскі масты — тры галоўныя транспартныя артэрыі, якія вядуць да сталіцы Абхазіі, Сухумі. У ноч з 11 на 12 лістапада пратэстоўцы перакрылі ўсе гэтыя маршруты, патрабуючы неадкладна вызваліць затрыманых апазыцыйных актывістаў.

Некалькімі гадзінамі раней на пазачарговым пасяджэньні абхаскага парлямэнту быў прыняты канстытуцыйны закон «Аб рэгуляваньні прававога статусу шматфункцыянальных комплексаў на тэрыторыі Рэспублікі Абхазія». Яго лічаць прадвесьнікам ратыфікацыі расейска-абхаскага інвэстыцыйнага пагадненьня, якое, на думку пратэстоўцаў, падрывае сувэрэнітэт Абхазіі.

У адпаведнасьці з гэтым пагадненьнем расейскія буйныя інвэстары атрымаюць ільготы, у тым ліку вызваленьне ад выплаты падаткаў на маёмасьць і прыбытак, на працягу васьмі гадоў пасьля ўводу ў эксплюатацыю аб’ектаў капітальнага будаўніцтва.

Масавы пратэст пачаўся пасьля таго, як былі арыштаваныя апазыцыянэры, якія выступаюць супраць ратыфікацыі пагадненьня — Аслан Гварамія, Амар Смыр, Рамаз Джапуа, Гары Какая і Алмасхан Ардзінба.

Паводле праўладнага тэлеграм-каналу AMRA-life, яны нібыта напалі на дэпутата Алмаса Акаба і пабілі яго каля будынка парлямэнту.

«Групай асобаў, якія знаходзіліся ў двары будынку парлямэнту рэспублікі Абхазія, былі ўчыненыя супрацьпраўныя дзеяньні ў дачыненьні да дэпутата парлямэнту, якія суправаджаліся нецэнзурнай лаянкай», — заявіў генэральны пракурор Адгур Агрба.

Старшыня апазыцыйнай партыі «Форум народнага адзінства Абхазіі» Аслан Барцыц лічыць, што затрыманьне насіла выключна палітычны характар.

Кадры бойкі з дэпутатам Агрба і затрыманьня апазыцыянэраў распаўсюдзілі мясцовыя тэлеграм-каналы. Апазыцыя заяўляе, што арышты былі ня толькі незаконнымі, але і неадпаведнымі сытуацыі: затрыманых выцягнулі з машыны і паклалі тварам на асфальт пад рулямі аўтаматаў.

Як кажуць пратэстоўцы, гэта стала самым жорсткім затрыманьнем палітычных актывістаў у найноўшай гісторыі Абхазіі. У хуткім часе сотні людзей сабраліся каля будынку Службы дзяржаўнай бясьпекі, патрабуючы іх вызваленьня. Неўзабаве іншыя пратэстоўцы накіраваліся на плошчу Свабоды ў Сухумі, дзе пачалася новая хваля дэманстрацый. Зьявілася інфармацыя, што мітынгоўцы, якія сабраліся каля будынку сілавога ведамства, «пратаранілі вароты», у выніку чаго да будынку адміністрацыі прэзыдэнта пачалі сьцягваць вайсковую тэхніку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуратура Абхазіі ў адказ на запыт БРЦ паабяцала адправіць расьсьледнікаў «па вядомым маршруце з трох літараў»

Уначы прэзыдэнт самаабвешчанай рэспублікі Аслан Бжанія склікаў экстраннае паседжаньне Рады бясьпекі. Кіраўнік Службы дзяржаўнай бясьпекі Дзьмітрый Кучубэрыя назваў тое, што адбывалася, «масавымі беспарадкамі». Але пазьней улады дасягнулі кампрамісу з пратэстоўцамі.

«Прадстаўнікі ўлады пад’ехалі туды [да Кадорскага моста], далі гарантыі, што цягам гадзіны-паўтары будуць адпушчаныя затрыманыя палітычныя актывісты, таму часова мост разблякавалі. Калі абяцаньне ня будзе выканана, жыхары вёскі Адзюбжа маюць намер перакрыць яго яшчэ раз», — паведаміў адзін зь лідэраў абхаскай апазыцыі Адгур Ардзінба.

Празь некалькі гадзін затрыманых вызвалілі. На волю выйшаў і экс-дэпутат Тэнгіз Агрба, затрыманы два дні раней. Пратэстоўцы патрабавалі вызваліць і яго разам зь пяцьцю апазыцыянэрамі.

Аслан Бжанія, у сваю чаргу, заклікаў абхазцаў «захоўваць спакой і не паддавацца на правакацыі». Нягледзячы на гэта, пратэсты маюць працягвацца. Маштабная акцыя абвешчаная на 15 лістапада — дзень разгляду інвэстыцыйнага пагадненьня. 30 кастрычніка міністарка эканомікі Абхазіі Крысьціна Озган падпісала пагадненьне ў Маскве, і, на думку пратэстоўцаў, зрабіла гэта з парушэньнем абхаскага заканадаўства — без ухвалы парлямэнту.