У рамках дасьледаваньня, якое ставіла на мэце вывучыць успрыманьне бацькамі прадпрымальніцтва і бізнэсу як магчымай сфэры самарэалізацыі для іх дзяцей, у пэрыяд з чэрвеня па жнівень 2024 году апыталі 2000 жыхароў Беларусі ва ўзросьце ад 18 да 64 гадоў, зь якіх 8263 — рэспандэнты мэтавай групы (бацькі дзяцей да 18 гадоў).
Адно з пытаньняў гучала так: «Чым бы вы хацелі, каб займалася ў будучыні ваша дзіця?». Рэспандэнты маглі выбраць ад аднаго да трох варыянтаў адказу. Пры гэтым дасьледчыкі ўлічвалі пол дзіцяці.
Як паказалі вынікі апытаньня, абсалютная большасьць апытаных бацькоў (69,2%) выбралі варыянт «вялі ўласны бізнэс, былі прадпрымальнікамі/фрылансэрамі» у якасьці жаданай будучыні для сваіх дзяцей. Тым часам на другім месцы паводле папулярнасьці — праца ў сілавых структурах:
- 69,2% апытаных абралі варыянт «Вялі ўласны бізнэс, былі прадпрымальнікамі/фрылансэрамі»;
- 22,9% — «Працавалі ў сілавых структурах (міліцыя, войска, спэцслужбы, МНС)»;
- 16,1% — «Працавалі на дзяржаўнай службе»;
- 9,5% — «Былі наёмнымі работнікамі ў прыватным бізнэсе»;
- 8,7% — «Былі наёмнымі работнікамі ў бюджэтнай сфэры (адукацыя, ахова здароўя, культура і да т. п.)»;
- 7,1% — «Не працавалі, займаліся сям’ёй і хатняй гаспадаркай»;
- 5,2% — «Былі наёмнымі работнікамі на дзяржаўным прадпрыемстве»;
- 3,9% — «Займаліся грамадзкай або рэлігійнай дзейнасьцю»;
- 3,9% — «Іншае».
Пры гэтым больш за 40% апытаных адзначылі менавіта прадпрымальніцтва або фрыланс у якасьці адзінага жаданага напрамку для свайго дзіцяці, не выбіраючы іншых варыянтаў, адзначаюць дасьледчыкі. Найчасьцей такія адказы давалі беларусы, якія самі зьяўляюцца прадпрымальнікамі.
Варыянты «праца ў сілавых структурах» і «на дзяржаўнай службе» былі даволі папулярныя сярод рэспандэнтаў з сынамі. Агулам кар’еру сілавіка для сына хацелі б 26,4% апытаных, і толькі 15,3% — для дачок.
Кар’ера чыноўніка таксама прыцягвала ў асноўным бацькоў хлопчыкаў і тых, хто не вядзе ўласны бізнэс.
Сярод менш папулярных варыянтаў бацькі дзяўчынак часьцей аддавалі перавагу бюджэтнай сфэры (адукацыя, ахова здароўя, культура), у той час як бацькі хлопчыкаў абіралі працу на дзяржаўных прадпрыемствах.
Варыянт «не працаваць, а займацца сям’ёй і хатняй гаспадаркай» апытаныя значна часьцей называлі для дзяўчат, чым для хлопчыкаў, прычым часьцей такое пажаданьне выказвалі бацькі, чым маці.
«Прадпрымальніцтва зьяўляецца найбольш прывабнай пэрспэктывай прафэсійнай рэалізацыі, якую рэспандэнты (незалежна ад таго, зьяўляюцца яны самі прадпрымальнікамі ці не) бачаць для сваіх дзяцей у будучыні. Наём (незалежна ад формы ўласнасьці наймальніка) нашмат радзей разглядаецца як прывабная пэрспэктыва для будучыні дзяцей», — падсумоўваюць аўтары дасьледаваньня.
Яны тлумачаць гэта тым, што пакаленьне цяперашніх бацькоў дзяцей да 18 гадоў засьпела росквіт прыватнага бізнэсу ў Беларусі і «добра разумее яго перавагі перад дзяржаўным сэктарам». Таксама, як адзначаюць дасьледчыкі, становішча наёмных працаўнікоў у сучаснай Беларусі «збольшага падрывае перавагі працы паводле найму ў прыватным сэктары», таму ня дзіўна, што многія апытаныя могуць успрымаць працу па найме як «кабалу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менскі зьвяз прадпрымальнікаў: дзяржаўнае рэгуляваньне цэнаў вядзе малы бізнэс да стратаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць індывідуальных прадпрымальнікаў у Менску за год скарацілася на 12%