Літва і Рада Эўропы падпісалі дамову аб стварэньні Інфармацыйнага цэнтру для народу Беларусі ў Вільні

Кіраўнік МЗС Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс і намесьнік Генэральнага сакратара Рады Эўропы Б'ёрн Берге. Страсбур, 13 лістапада 2024

Літва выдзеліла добраахвотны ўнёсак на стварэньне офіса і яго дзейнасьць у гонар свайго старшынства ў Камітэце міністраў Рады Эўропы.

Ад імя літоўскага ўраду пагадненьне з Радай Эўропы аб стварэньні інфармацыйнага цэнтру для беларускага народу падпісаў міністар замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс, ад Рады Эўропы -- намесьнік Генэральнага сакратара Рады Эўропы Б'ёрн Берге, паведамляе прэс-служба Рады Эўропы.

«Гэта важны ўнёсак у нашу падтрымку беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасьці. Інфармацыйны пункт будзе ня толькі даваць інфармацыю пра Раду Эўропы і яго працу. Гэта знак надзеі для ўсіх тых, хто імкнецца да дэмакратычных каштоўнасьцяў», — сказаў з гэтай нагоды Генэральны сакратар Рады Эўропы Ален Бэрсэ.

«Перакананы, што гэты цэнтар адыграе ключавую ролю ў распаўсюджваньні інфармацыі і ўмацаваньні патэнцыялу ў галінах правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства права, каб, калі надыдзе час, беларускі народ змог стварыць дэмакратычную і квітнеючую будучыню сваёй краіны», — падкрэсьліў міністар Габрыэлюс Ландсбергіс, якога цытуе прэс-служба літоўскага МЗС.

Кіраўнік МЗС Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс і намесьнік Генэральнага сакратара Рады Эўропы Б'ёрн Берге. Страсбур, 13 лістапада 2024

Пагадненьне аб стварэньні цэнтру для беларускага народа ў Вільні падпісана ў адпаведнасьці з дамоўленасьцю, дасягнутай у Кантактнай групе Рады Эўропы па супрацоўніцтве з прадстаўнікамі дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

Літва выдзеліла добраахвотны ўнёсак на стварэньне офіса і яго дзейнасць у гонар свайго старшынства ў Камітэце міністраў Рады Эўропы.

«Грамадзянская супольнасьць, абаронцы правоў чалавека і незалежных СМІ ў Беларусі і іншых краінах, якія пакутуюць ад аўтарытарных рэжымаў, зьяўляюцца доўгатэрміновым прыярытэтам зьнешняй палітыкі Літвы», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні МЗС краіны.

Літва старшынявала ў Камітэце міністраў Рады Эўропы з 17 траўня па 13 лістапада 2024 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як прайшоў беларускі дзень у Страсбуры: Ціханоўская сустрэлася з кіраўніцтвам Рады Эўропы

Што такое ПАРЭ і Рада Эўропы

  • Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) — адзін з двух галоўных статутных органаў Рады Эўропы: кансультацыйны орган, які складаецца з прадстаўнікоў парлямэнтаў усіх дзяржаў-сяброў.
  • ПАРЭ — найстарэйшы ў Эўропе орган міжпарлямэнцкага супрацоўніцтва, ён заснаваны 5 траўня 1949 году. Асамблея прымае рэзалюцыі і рэкамэндацыі на падставе дакладаў, якія рыхтуюцца дэпутатамі.
  • Місія Рады Эўропы — адстойваць правы чалавека і падзел галінаў уладаў, спыніць сьмяротнае пакараньне на ўсім кантынэнце.
  • Вярхоўны Савет Беларусі ў 1990-х гадах меў статус спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ, але пасьля рэфэрэндуму 1996 году гэты статус быў страчаны.
  • Расея пасьля поўнамаштабнага нападу на Ўкраіну ў 2022 годзе сама выйшла з Рады Эўропы.
  • Беларусь у 1993 годзе падала заяўку на далучэньне да Рады Эўропы, і Вярхоўны Савет Беларусі ў 1992 годзе атрымаў статус спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ, які страціў пасьля канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 году.
  • Беларусь так і не ратыфікавала Канвэнцыю аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў Рады Эўропы, аднак Беларусь фармальна дагэтуль лічыцца кандыдатам на ўступленьне, а Рада Эўропы робіць шэраг захадаў для наладжваньня супрацоўніцтва зь Беларусьсю.
  • На цяперашнюю сэсію ПАРЭ запрошаныя тры прадстаўнікі апазыцыйных партый і рухаў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Удзел прадстаўнікоў Каардынацыйнай Рады ў ПАРЭ, праца для беларусаў у Радзе Эўропы. Што зрабіла кантактная група па Беларусі за 2 гады
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца Рады Эўропы раскрыла дэталі дарожнай мапы па інтэграцыі ў арганізацыю дэмакратычнай Беларусі