У Польшчы адкрываюць амэрыканскую базу супрацьпаветранай абароны. У Расеі паабяцалі адказаць

Міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі. Архіўнае фота

Сыстэма ў Польшчы цяпер можа быць выкарыстаная толькі супраць ракет, выпушчаных з Блізкага Ўсходу, і радар павінен будзе зьмяніць кірунак, каб перахопліваць снарады з Расеі.

У польскім горадзе Рэдзікаў, недалёка ад узьбярэжжа Балтыйскага мора, афіцыйна адкрываецца амэрыканская база супрацьпаветранай абароны, якую пачалі ствараць з пачатку 2000-х.

«На гэта спатрэбіўся пэўны час, але гэтая канструкцыя даказвае геастратэгічную рашучасьць Злучаных Штатаў», — заявіў міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў відэароліку, разьмешчаным на плятформе X.

Як паведаміла агенцтва Reuters, амэрыканская база ў Рэдзікаве зьяўляецца часткай больш шырокага супрацьракетнага шчыта NATO, які атрымаў назву Aegis Ashore. Паводле альянсу, сыстэма зможа перахопліваць балістычныя ракеты малой і сярэдняй далёкасьці. Сярод іншых ключавых элемэнтаў шчыта — другая пляцоўка ў Румыніі, эсьмінцы ВМС ЗША, якія базуюцца ў гішпанскім порце Рота, і радар раньняга папярэджаньня ў турэцкім горадзе Кюрэджык.

У Маскве яшчэ ў 2007 годзе заявілі аб пагрозе для сябе з боку гэтай базы. Але ў NATO падкрэсьлілі, што шчыт носіць выключна абарончы характар.

Вайсковыя крыніцы паведамілі агенцтву Reuters, што сыстэма ў Польшчы цяпер можа быць выкарыстаная толькі супраць ракет, выпушчаных з Блізкага Ўсходу, і радар павінен будзе зьмяніць кірунак, каб перахопліваць ракеты з Расеі. Гэта складаная працэдура, якая цягне за сабой зьмену палітыкі.

Раней міністар абароны Польшчы Ўладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў пра неабходнасьць пашырэньня маштабу шчыта, і гэтую тэму Варшава абмяркуе з NATO і ЗША.

У Крамлі адрэагавалі на паведамленьне аб адкрыцьці амэрыканскай базы ў Польшчы. Прэсавы сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў абвінаваціў амэрыканскі бок у хлусьні, калі той тлумачыў, што мэтай стварэньня гэтай базы зьяўляецца перахопліваньне патэнцыйных ракет з Ірану.

«Гэта прасоўваньне амэрыканскай вайсковай інфраструктуры на тэрыторыі Эўропы да нашых межаў. Гэта ня што іншае, як спроба стрымаць наш ваенны патэнцыял і, вядома, вядзе да прыняцьця адпаведных мер для забесьпячэньня парытэту», — сказаў Дзьмітрый Пяскоў. Аднак ён не ўдакладніў, якія захады можа зрабіць Расея ў адказ.

Эўразьвяз і NATO пачалі пераглядаць сваю бясьпеку пасьля таго, як Расея пры падтрыманьні Беларусі ў лютым 2022 году ажыцьцявіла ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія мэты Пуціна: дакумэнты 2022 году раскрываюць пляны Расеі на пасьляваенную Ўкраіну