Спэцслужбы Польшчы затрымалі беларуса праз падазрэньне ў падпале ў Гданьску

Затрыманьне спэцслужбамі Польшчы, архіўнае фота

Затрыманьне адбылося 6 лістапада ў Варшаве.

Пра затрыманьне грамадзяніна Беларусі, падазраванага ў злачыннай дзейнасьці, паведаміла Агенцыя ўнутранай бясьпекі Польшчы (ABW). Як паведаміла спэцслужба, гэта адно з сэрыі затрыманьняў меркаваных удзельнікаў злачыннай групоўкі, якая займалася актамі сабатажу, падпаламі.

Раней у студзені і траўні ABW затрымала грамадзянаў адразу некалькіх краінаў — Беларусі, Украіны, Польшчы. Ад іхных падпалаў пацярпелі аб’екты ў гарадах Маркі, Гданьск і Гдыня. Акрамя таго, заяўлялася, што яны плянавалі падпалы ва Ўроцлаве.

Затрыманаму выставілі абвінавачаньне за «ўдзел у арганізаванай злачыннай групе міжнароднага характару і зьдзяйсьненьне актаў дывэрсіі і сабатажу або злачынстваў тэрарыстычнага характару на даручэньне замежнай выведкі».

За інкрымінаваныя дзеяньні беларусу пагражае пакараньне да пажыцьцёвага зьняволеньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы беларусу прысудзілі 34 месяцы зьняволеньня ў шпіёнскай справе

Акруговы суд ва Ўроцлаве — на хадайнiцтва пракуратуры — прымянiў да падазраванага меру стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту тэрмiнам на 3 месяцы. Справай займаецца аддзел Нацыянальнай пракуратуры Польшчы ва Ўроцлаве.

Раней польскія ўлады ўжо праводзілі некалькі расьсьледаваньняў і вынесьлі некалькі прысудаў людзям, якія працавалі на расейскую выведку і ўдзельнічалі ў спробах дэстабілізаваць абстаноўку ў Польшчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Латвіі таксіста асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня ў справе аб шпіянажы на карысьць Расеі