12 лістапада галоўны ідэоляг Менгарвыканкаму і старшыня «Саюзу жанчын», былая прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава заявіла, што спыняе ўдзел у выбарах-2025 у Беларусі. Выбары ў Беларусі пры Аляксандру Лукашэнку носяць несвабодны і недэмакратычны характар.
Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі зарэгістравала ініцыятыўную групу прэтэндэнткі на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах Вольгі Чамаданавай на пасяджэньні 31 кастрычніка. Ад удзелу ў выбарах Чамаданава адмовілася на 12-ы дзень пасьля рэгістрацыі.
Раней 12 лістапада старшыня «Беларускага саюзу афіцэраў» Сяргей Бобрыкаў таксама заявіў, што прыняў рашэньне адмовіцца ад удзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі, «каб забясьпечыць згуртаванасьць афіцэрскага корпусу, не дапусьціць дваякіх думак сярод вайскоўцаў, каб падтрымаць дзейнага кіраўніка дзяржавы і нашага лідэра».
Ініцыятыўную групу для збору подпісаў за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Сяргея Бобрыкава ЦВК зарэгістравала 4 лістапада — ён адмовіўся ад удзелу ў выбарах праз 8 дзён пасьля рэгістрацыі.
Акрамя Лукашэнкі, Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала 6 ініцыятыўных групаў для збору подпісаў за вылучэньне кандыдатамі ў прэзыдэнты: Сяргея Бобрыкава, Сяргея Сыранкова, Ганны Канапацкай, Алега Гайдукевіча, Вольгі Чамаданавай і Аляксандра Хіжняка. Такім чынам, пакуль працягваюць зьбіраць подпісы за вылучэньне кандыдатамі:
- лідэр праўладнай Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч,
- старшыня праўладнай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці, дырэктар унітарнага прадпрыемства «Белнііпгорадабудаўніцтва» Аляксандар Хіжняк,
- былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая,
- лідэр праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі, дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Сыранкоў.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
- Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
- У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.