Увечары 11 лістапада ў кітайскім горадзе Чжухай аўтамабіль заехаў у натоўп каля спартовага цэнтру. Загінулі 35 чалавек, яшчэ 43 атрымалі раненьні, паведамляе газэта South China Morning Post.
Як пішуць кітайскія СМІ, сярод пацярпелых было шмат пажылых людзей, а таксама падлеткаў і дзяцей.
У паліцыі паведамілі, што 62-гадовы мужчына заехаў на аўтамабілі на тэрыторыю каля спартовага цэнтру і ўрэзаўся ў натоўп. Кіроўцу затрымалі і даставілі ў шпіталь пасьля спробы самагубства. Паведамляецца, што ён у коме.
Паводле папярэдніх зьвестак, кіроўца вырашыў уехаць у натоўп з прычыны незадаволенасьці вынікамі падзелу маёмасьці пасьля скасаваньня шлюбу.
Старшыня КНР Сі Цзіньпін, якога цытуе кітайскі дзяржаўны тэлеканал CCTV, загадаў прыкласьці ўсе намаганьні для лекаваньня параненых і запатрабаваў сурова пакараць вінаватага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нью-Ёрку ў натоўп уехала машына, параненыя 13 чалавек