Пра гэта паведамляе інтэрнэт-выданьне «Медыязона», якое спасылаецца на сваякоў вязьняў.
З часу пераезду «Валадаркі» ў новыя будынкі ў пасёлку Калядзічы пад Менскам мінула больш за 5 месяцаў, але наладзіць перадачы гэтак, каб было зручна і не займала зашмат часу, не ўдаецца, сьцьвярджаюць сваякі вязьняў СІЗА.
Раней менскае СІЗА-1 месьцілася на вуліцы Валадарскага — у самым цэнтры Менску. Цяперашні адрас сьледчага ізалятара — вёска Пашковічы побач з Калядзічамі, за 14 кілямэтраў на поўдзень ад гораду. Сваякі соцень падсьледных, якіх утрымліваюць у новым СІЗА, мусяць туды дабірацца на грамадзкім транспарце, таксі альбо карыстацца ўласнымі аўтамабілямі.
Калі разьлічваеш на паслугі грамадзкага транспарту, які пачынае працаваць з 6-й раніцы, дык трапіш у вялікую чаргу, дзе можаш патраціць увесь дзень, кажа сваячка аднаго з падсьледных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спалілі дзьве тачкі беларускіх кніг і ўсяго Оруэла». Былы палітвязень расказаў, што адбываецца ў калёніі пад Магілёвам«Чаргу трэба займаць з 4 раніцы»
Паводле суразмоўцы «Медыязоны», чэргі па прыёме перадач у ізалятары непазьбежныя, бо звычайна працуюць ня ўсе акенцы, а толькі два-тры.
«Супрацоўніцы там вельмі добрыя і хутка ўсё прымаюць. Але я на перадачу ўсё роўна ежджу да 4-й раніцы, таму што вельмі шмат людзей», — кажа жанчына. На пачатку месяца і перад сьвятамі, каб раніцай быць на месцы і заняць чаргу, тым, хто ня зь Менску, трэба выяжджаць уначы.
«Я прыехала ў 4.55 і была 50-я ў чарзе», — расказала жанчына, якая перадавала перадачу ў будзённы дзень.
«Зьбіраюся ехаць у суботу, і мне сказалі, што чаргу трэба займаць зь пятніцы. Мінулым разам мы выехалі а трэцяй ночы, там былі а пятай і былі ўжо трыццатыя», — кажа сваячка іншага зьняволенага. Яшчэ адна жанчына паведаміла, што, прыехаўшы ў суботу да сёмай раніцы, аказалася ў чарзе амаль 150-й.
Паводле жанчыны, багата тых, хто прыехаў дзеля перадачы, мусяць чакаць сваёй чаргі ў аўтамабілях, бо ў пакоі для перадач усім не хапае месца.
У іншагародніх праблемы яшчэ большыя, бо ім даводзіцца адольваць вялікія адлегласьці, каб толькі дабрацца да Менску. Прычым гэтыя людзі скардзяцца ня толькі на тое, што перадачы займаюць шмат часу, заўважае «Медыязона».
«Жанчына зь Берасьця прызналася ў чаце, што ня можа прывозіць прадукты часьцей, чым два разы на месяц, бо „дарога займае час і абыходзіцца нятанна“».
У выніку шмат хто з сваякоў падсьледных менскага СІЗА-1 для перадачы пасылак пачаў карыстацца поштай. Але праз пошту немагчыма перадаваць гародніну і прадукты, які хутка псуюцца. Між тым ад падсьледных сваякам вядома, што зьняволеныя пакутуюць ад недахопу вітамінаў у рацыёне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МУС адкрыў новы СІЗА, які пабудавалі замест «Валадаркі»Камэры меншыя, матрацы танчэйшыя
Паводле сьведчаньняў былых зьняволеных, збольшага ў Калядзічах побытавыя ўмовы лепшыя, чым на «Валадарцы», але там зьявіліся свае цяжкасьці.
Суразмоўца «Вясны» Веньямін (імя зьмененае) расказаў пра ўмовы ў камэрах новага будынку СІЗА.
«На „Валадарцы“ сядзеў у вялікай камэры. Але нас там было больш за 20 чалавек, вольнага месца вельмі мала. А ў Калядзічах трапіў у васьмімесную камэру, так што ў параўнаньні з папярэдняй яна падавалася проста аграменнай. Мы маглі спакойна хадзіць, займацца спортам, прычым нават удвох, і нікому пры гэтым не перашкаджаць. Зьлева і справа ў нас стаялі па чацьвёра двух’ярусных нараў (на „Валадарцы“ былі трох’ярусныя), пасярэдзіне — стол і прыкручаныя да падлогі лаўкі.
Стол, дарэчы, цікавы — драўляны, з мэталічным кажухом зьверху, але хістаецца. На нарах — новыя матрацы. На іх яшчэ ніхто ня спаў, але яны ўжо тонкія. А зазоры паміж прутамі канструкцый занадта вялікія, і, выходзіць, усё мяккае з матраца правальваецца ў гэтую дзірку, а ты ў асноўным сьпіш на жалезе», — згадаў Веньямін.
Паводле былога вязьня, у камэры СІЗА ў Калядзічах былі шафкі зь дзьверцамі, куды трэба было складаць пакункі з харчовымі перадачамі. «У перадачах — мясныя вырабы, а ўлетку ў камэры сьпякота. На падлозе, як трымалі перадачы на „Валадарцы“, мяса лепш бы захоўвалася», — заўважае былы вязень. Паводле Веньяміна, лядоўняў у камэрах новага СІЗА няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады адмовіліся ад ідэі разьмясьціць гістарычны музэй у будынку былой «Валадаркі»Прыбіральні, душ і гарачая вада
Былы зьняволены расказаў праваабаронцам пра ўмовы для падтрыманьня гігіены ў новым СІЗА. У ягоным корпусе некалькі камэраў былі аб’яднаныя ў блёкі, і кожны з гэтых блёкаў меў свой душ. А на Валадарскага быў адзін душ на ўсіх вязьняў, якіх утрымлівалі ў падвальных памяшканьнях.
«Але мыцца нас усё роўна вадзілі раз на тыдзень. Яшчэ адно адрозьненьне — у старым будынку стаялі ўнітазы. А тут прыбіральня ў найлепшых традыцыях: дзірка ў падлозе», — кажа Веньямін пра «падлогавыя ўнітазы» ў новым будынку СІЗА.
Пры гэтым ён адзначыў, што ў рукамыйніку заўсёды была гарачая вада, пра што на «Валадарцы» нельга было і марыць.
«Яшчэ добра, што тут прыбіральня зачыняецца — замест шторкі стаяць дзьверы. Праўда, у гэтых дзьвярах ужо хісталася ручка, калі я там быў, нам яе так і не паправілі. А яшчэ на трэці-чацьвёрты дзень пасьля пераводу зламаўся кран».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «„Смачны“ кавалак у цэнтры, могуць і разбурыць». Што будзе з будынкамі былой «Валадаркі»«На прагулцы — як у парніку»
Суразмоўца «Вясны» расказаў і пра ўмовы для штодзённых прагулак. Паводле Веньяміна, у новым СІЗА прагулачныя дворыкі абсталяваныя проста на даху будынкаў. У выніку цяпер зьняволеныя мусяць глядзець на неба ня толькі праз краты, але і праз пласт полікарбанату, якім накрытыя прагулачныя дворыкі.
«Калі на дварэ ня горача ці ідзе дождж, пад гэтым дахам, думаю, у прынцыпе, будзе добра: і не прамокнеш, і лужын пад нагамі ня будзе. Але летам там як у парніку — проста невыносна. Нават у траўні было вельмі душна», — адзначыў былы вязень і ўзгадаў выпадак, калі давялося правесьці ў такім дворыку паўтары гадзіны. — «У іх не хапае пэрсаналу, і вывесьці нас адтуль не было каму. Людзям рабілася дрэнна».
Недахоп пэрсаналу, спазьненьні з выдачай ежы
Паводле суразмоўцы «Вясны», ад пераезду ў новы будынак СІЗА там не была вырашаная праблема з кадрамі, што адбілася і на парадках утрыманьня зьняволеных — шмат якія працэсы не былі наладжаныя. Веньямін згадаў, што з гэтай прычыны зьняволеных часта вадзілі ў душ з парушэньнем графіку. Былі праблемы і зь лістамі.
«Лісты губляліся, доўга правяраліся, бо, як нам сказалі, працавалі толькі два цэнзары. Калі вялікія выходныя, мы маглі тыдні два нічога не атрымліваць. Неяк ахоўнік, які разносіў ежу, казаў: „Хлопцы, мне, каб прынесьці вам паесьці, трэба пайсьці невядома куды, знайсьці невядома каго“. Таму абеды, вячэры, сьняданкі ў нас былі не паводле правілаў унутранага распарадку, а са спазьненьнем на гадзіну-дзьве», — згадаў Веньямін пра час, калі сядзеў у менскім СІЗА ў Калядзічах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рок-музыка, сапраўдныя ўнітазы і шпацыры пад купалам. Пагаварылі з тымі, хто прайшоў праз новае СІЗА ў Калядзічах