Анджэй Дуда адмовіўся ад групавога фота з удзельнікамі кліматычнага саміту праз Лукашэнку

Удзельнікі кліматычнага саміту Аляксандар Лукашэнка і Садыр Джапараў з Кіргізстану. Баку, 12 лістапада 2024

Кліматычны саміт праходзіць у Баку (Азэрбайджан).

Як паведаміў польскі тэлеканал Polsat, прычына адмовы прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды ад супольнага фота ўдзельнікаў саміту ў Баку — прысутнасць на ім Аляксандра Лукашэнкі.

«Гэта было сьвядомае рашэньне прэзыдэнта. Сямейнае фота — гэта сямейнае фота, прэзыдэнт вырашыў, што ня хоча мець сямейнага фота з Аляксандрам Лукашэнкам, — паведаміў тэлеканалу чалавек з атачэньня прэзыдэнта Дуды, які знаходзіцца ў Баку.— Такія жэсты важныя ў палітыцы, і гэта было наўмыснае дзеяньне прэзыдэнта».

Кліматычны саміт у Баку, групавое фота кіраўнікоў дзяржаў

Фота ўдзельнікаў саміту COP29 зьявілася ў сацсетках без прэзыдэнта Польшчы, але з Аляксандрам Лукашэнкам. На папярэднім саміце ў Дубаі прэзыдэнты Літвы, Латвіі і Польшчы адмовіліся фатаграфавацца з Лукашэнкам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наўседа: прэзыдэнты Літвы, Латвіі і Польшчы адмовіліся фатаграфавацца з Лукашэнкам у Дубаі

Кліматычны саміт ў Баку пачаўся 11 лістапада. Краіны абмяркоўваюць прагрэс у барацьбе са зьмяненьнямі клімату. Завершыцца канфэрэнцыя 24 лістапада выніковай заявай краінаў.

У саміце бярэ ўдзел і Аляксандар Лукашэнка.

Ад удзелу ў экалягічным форуму ў Баку ўстрымаліся прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Оляф Шольц, старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен, старшыня КНР Сі Цзіньпін, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, прэзыдэнт Бразыліі Луіз Інасью Лула да Сілва, прэм’ер-міністар Канады Джастын Трудо, прэм’ер-міністар Індыі Нарэндра Модзі, прэм’ер-міністар Паўночна-Афрыканскай Рэспублікі Сырыл Рамафоса, прэм’ер-міністар Аўстраліі Энтані Альбанэзэ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Баку праходзіць Канфэрэнцыя ААН аб зьменах клімату. Сярод іншых у ёй бяруць удзел Лукашэнка і талібы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Швэдзкая экаактывістка Грэта Тунбэрг правяла акцыю ў Тбілісі супраць бакінскай канфэрэнцыі па клімаце