Экспэрт: пастаўкі прадукцыі зь Літвы ў Беларусь, нягледзячы на санкцыі, павялічваюцца

На мяжы Літвы і Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі Літва працягвае купляць адзеньне, мэблю, садавіну, гародніну і арэхі.

Эканаміст SEB-банку Тадас Павілаўскас зьвярнуў увагу на істотнае павелічэньне цягам апошніх двух месяцаў паставак зь Літвы ў Беларусь абсталяваньня для харчовай прамысловасьці.

«Зьвяртаю ўвагу на сытуацыю, якая выклікае занепакоенасьць: ужо два месяцы павялічваецца экспарт літоўскіх тавараў у Беларусь, найбольш гэта датычыць адной групы — паставак абсталяваньня для вытворчасьці прадуктаў. Нават да санкцый такога аб’ёму экспарту не было», — напісаў Тадас Павілаўскас на сваёй старонцы ў Facebook.

Літоўскае выданьне delfi.lt з спасылкай на інфармацыю Дзяржаўнага агенцтва зьвестак паведаміла, што за дзевяць месяцаў 2024 году ў Беларусь зь Літвы прадалі аўтамабіляў на 163,745 мільёна эўра, летась за аналягічны пэрыяд гэтая лічба складала 83,063 мільёна эўра. «Магчыма, частку гэтых аўтамабіляў і іншых транспартных сродкаў перамяшчаюць у Расею», — удакладніла выданьне.

Апроч таго, больш як у чатыры разы павялічыліся пастаўкі ў Беларусь прычэпаў і паўпрычэпаў. Сёлета іх экспартавалі на 49,37 мільёна эўра (3016 прычэпаў), у той час як за 9 месяцаў 2023 году гэтая лічба складала 11,3 мільёна эўра.

Паводле выданьня, у Беларусі Літва працягвае купляць адзеньне, мэблю, садавіну, гародніну і арэхі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Літвы забараніў з трэцяга чэрвеня ўвоз зь Беларусі і Расеі амаль трох тысяч відаў сельгаспрадукцыі


Сёлета з 3 чэрвеня ўрад Літвы забараніў увоз зь Беларусі і Расеі амаль 3 тысяч відаў сельгаспрадукцыі, а таксама ўвялі новыя правілы кантролю за вывазам у Беларусь і Расею легкавых аўтамабіляў, не старэйшых за 5 гадоў. Апроч таго, Літва як сябра Эўразьвязу павінна выконваць абмежаваньні, уведзеныя ў межах гэтай інтэграцыйнай структуры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва ўвяла новыя правілы кантролю вывазу ў Беларусь легкавых аўтамабіляў

8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (зь беларускага боку Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягваюць працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).