Пазьней яна перасунулася да будынку парлямэнту Грузіі, дзе праходзіць мітынг грузінскай апазыцыі.
«Азэрбайджан, выкарыстоўваючы COP29 у якасьці фасаду, пад фальшывым „зялёным“ парадкам дня нарошчвае кантроль, робіць больш жорсткай сваю ўладу і ўзмацняе рэгіянальную напружанасьць», — напісала Тунбэрг у анонсе акцыі.
Актывістка абвінаваціла ў аўтарытарным дрэйфе і «калектыўны Захад», заявіўшы, што той «працягвае ўзаконьваць і фінансаваць дэспатычныя рэжымы дзеля энэргіі і прыбытку».
Грузінскую акцыю пратэсту арганізаваў Каўказкі фэмінісцкі антываенны рух, які патрабуе «будучыні, свабоднай ад удушша аўтарытарызму, вайны і капіталістычнай сквапнасьці».
З прычыны закрытых Азэрбайджанам у 2020 годзе сухапутных межаў дабрацца да Баку можна толькі на самалёце, што стала бар’ерам для многіх кліматычных актывістаў праз вугляроднае ўзьдзеяньне авіяцыі. Наведваць саму канфэрэнцыю Тунбэрг, як і многія іншыя актывісты, адмовілася з прычыны рэпрэсіўнага палітычнага клімату ў Азэрбайджане.
Месца правядзеньня кліматычнай канфэрэнцыі крытыкуюць ня толькі экаактывісты. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі адзначаюць, што ўлады Азэрбайджану перасьледуюць тых, хто гаворыць аб праблемах экалёгіі, у краіне сотні палітычных зьняволеных. Акрамя таго, весьці канфэрэнцыю будзе былы топ-мэнэджар дзяржаўнай нафтавай кампаніі Мухтар Бабаеў, а сам Азэрбайджан мае намер утрая павялічыць здабычу газу, што супярэчыць экалягічнаму парадку дня.
Чакаецца, што на канфэрэнцыю прыбудуць да 80 тысяч чалавек з усяго сьвету: прадстаўнікі дзяржаваў, кампаніяў, грамадзкіх і навуковых арганізацыяў. Удзельнікі абмяркуюць фінансаваньне мераў па барацьбе са зьмяненьнем клімату (з-за чаго COP29 называюць «фінансавым»), справядлівы энэргетычны пераход, тэхналягічныя інавацыі ў энэргетыцы і асьвету моладзі, а таксама нацыянальныя пляны па абмежаваньні шкодных выкідаў.
Завершыцца канфэрэнцыя 24 лістапада выніковай заявай краінаў.
У канфэрэнцыі бярэ ўдзел і Аляксандар Лукашэнка. Сёньня ў інтэрвію азэрбайджанскаму тэлеканалу AnewZ ён заявіў, што лічыць падобныя мерапрыемствы «малаэфэктыўнымі».
Ад удзелу ў экалягічным форуму ў Баку ўстрымаліся прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Оляф Шольц, старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен, старшыня КНР Сі Цзіньпін, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, прэзыдэнт Бразыліі Луіс Інасіу Лула да Сілва, прэм’ер-міністар Канады Джасьцін Трудо, прэм’ер-міністар Індыі Нарэндра Модзі, прэм’ер-міністар Паўночнаафрыканскай Рэспублікі Сірыл Рамафоса, прэм’ер-міністр Аўстраліі Энтані Албанэзэ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Баку праходзіць Канфэрэнцыя ААН аб зьменах клімату. Сярод іншых у ёй бяруць удзел Лукашэнка і талібы