Больш за 90 ракет выпусьцілі па поўначы Ізраілю з боку Лібану

Ракеты над ізраільскім горадам Хайфа, архіўнае ілюстрацыйнае фота. 4 кастрычніка 2024 году

Поўнач Ізраілю 11 лістапада зазнала магутны ракетны напад з боку Лібану. Больш за 90 ракет выпусьцілі па найбуйнейшым паўночнаізраільскім горадзе Хайфа і ягоных прыгарадах, паведамляе ЦАХАЛ.

Прэс-служба ізраільскага войска (ЦАХАЛ) сьцьвярджае, што большасьць ракет былі перахопленыя сыстэмамі супрацьпаветранай абароны (СПА). Аднак мясцовыя СМІ са спасылкай на экстранныя службы пішуць, што ў Хайфе і ваколіцах у выніку атакі атрымалі пашкоджаньні жылыя дамы і аўтамабілі. Сама меней чатыры чалавекі параненыя аскепкамі, сярод іх 17-гадовы падлетак.

Ізраільскія вайскоўцы заявілі, што вызначылі месцазнаходжаньне ракетнай устаноўкі, зь якой вёўся абстрэл, і зьнішчылі яе ўдарнымі дронамі.

Шэраг эўрапейскіх авіякампаній, у тым ліку Lufthansa, Austrian Airlines, Swissair і Eurowings, паведамілі, што падоўжаць часовую забарону на рэйсы сваіх самалётаў у Ізраіль сама меней да 15 сьнежня.

  • Радыкальная групоўка «Хезбала», якая базуецца ў Лібане, узмацніла атакі на Ізраіль пасьля 7 кастрычніка 2023 году на знак салідарнасьці з групоўкай ХАМАС, якая напала на Ізраіль. (Групоўка ХАМАС прызнаная тэрарыстычнай у ЗША і Эўразьвязе.) У адказ Ізраіль пачаў ваенную апэрацыю супраць «Хезбалы» на поўдні Лібану.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МЗС Беларусі параілі беларусам выкарыстоўваць рэйсавыя самалёты для эвакуацыі зь Лібану