Сацыял-дэмакратычная партыя Літвы, якая перамагла на парлямэнцкіх выбарах, падпісала дамову аб стварэньні ўрадавай кааліцыі зь дзьвюма палітычнымі сіламі — Зьвязам дэмакратаў «У імя Літвы» і радыкальнай «Нёманскай зарой», хоць раней сацыял-дэмакраты абяцалі, што ня створаць кааліцыю з апошняй.
«Мы падпісалі кааліцыйную дамову паміж Сацыял-дэмакратычнай партыяй Літвы, партыяй „У імя Літвы“ і партыяй „Нёманская зара“. Такі кансэнсус знайшлі пасьля доўгіх перамоў, цяпер у нас будзе арытмэтычна моцная кіроўная большасьць», — працытавала лідэрку сацыял-дэмакратаў Вілію Блінкявічуце выданьне delfi.lt.
Паводле яе слоў, гэтыя партыі маюць вялікі давер ад народу Літвы, за іх прагаласавалі больш за паўмільёна грамадзян.
«Цяпер важна, каб работа паказала, што наша кіроўная кааліцыя моцная, што наш будучы ўрад дзеяздольны і можа ўхваляць рашэньні, бо менавіта гэтага чакае народ Літвы», — дадала Вілія Блінкявічуце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Міграцыйная палітыка стане больш жорсткай». Экспэрт пра перамогу сацыял-дэмакратаў на выбарах у ЛітвеСупраца пачалася з скандалу
Падпісаньню дакумэнту не перашкодзіў нават скандал, зьвязаны зь лідэрам партыі «Нёманская зара» Рэмігіюсам Жамайтайцісам, якім зацікавілася літоўская пракуратура.
10 лістапада Рэмігіюс Жамайтайціс абвінаваціў папярэднюю кіроўную партыю кансэрватараў «Зьвяз Айчыны — Літоўскія хрысьціянскія дэмакраты» ў арганізацыі акцый пратэсту ў дзень прысягі новых дэпутатаў і параўнаў іх з арганізацыяй ХАМАС (якую Эўразьвяз прызнаў тэрарыстычнаю).
«За 32 гады мы недалёка адышлі. У 1992 годзе пасьля выбараў пратэст спрабаваў правесьці „Саюдзіс“, тагачасны Ландсбергіс, якога ненавідзелі, з сваёй кампаніяй, а цяпер — кансэрватары, Рух лібэралаў і рэшткі Партыі свабоды», — напісаў ён на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы, але потым адрэдагаваў свой допіс.
Лідэр «Нёманскай зары» назваў партыю кансэрватараў «літоўскім ХАМАС».
«Ці можам мы быць спакойныя, ці не арганізуе Шыманіце (цяперашняя кіраўніца ўраду Літвы. — РС) з сваімі левымі і нейкія выпады супраць габрэяў? Досьвед яны маюць!!!» — напісаў ён.
Рэмігіюс Жамайтайціс заклікаў грамадзян у дзень прысягі новых дэпутатаў, на які прызначаная акцыя пратэсту супраць удзелу «Нёманскай зары» ў кааліцыі, прыехаць да дому Вітаўтаса Ландсбергіса (лідэр руху «Саюдзіс», створанага ў 1988 годзе, першы кіраўнік адноўленай незалежнай Літвы. — РС) і запаліць там сьвечкі «супраць ягонай дзейнасьці, накіраванай супраць Літвы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіроўная ў Літве партыя прайграла парлямэнцкія выбарыЯк адрэагавалі ў Літве і за мяжой
Допісам літоўскага палітыка зацікавілася пракуратура: у ім пабачылі магчымыя прыкметы злачынства. 11 лістапада Галоўны камісарыят паліцыі Віленскага павету паведаміў аб пачатку дасудовага расьсьледаваньня паводле артыкула 170 Крымінальнага кодэксу Літвы — распальваньне варожасьці паводле нацыянальнасьці, полу, паходжаньня, рэлігіі караецца штрафам, абмежаваньнем волі, арыштам або пазбаўленьнем волі да трох гадоў.
Колішняя прэзыдэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце, якая ачольвала Літву цягам дзьвюх кадэнцыяў, заклікала Сацыял-дэмакратычную партыю Літвы «апамятацца і не фармаваць кааліцыю зь «Нёманскай зарой».
«Я заўсёды лічыла Сацыял-дэмакратычную партыю партыяй прынцыпова адказных палітыкаў. На жаль, я не магу разглядаць цяпер сфармаваную кааліцыю як нешта іншае, чым як кааліцыю крамлёўскага смуроду з прысмакам фашыстоўскіх карычневых кашуляў», — напісала Даля Грыбаўскайце на сваёй старонцы ў Facebook.
Паводле яе, новая кааліцыя ўжо наносіць шкоду Літве на міжнароднай арэне.
Сапраўды, вострую заяву пра сытуацыю ў Літве зрабіў, сярод іншых, старшыня камітэту замежных справаў Сэнату ЗША Бэн Кардын.
«Літва — блізкі саюзьнік Злучаных Штатаў і жыцьцёва важны партнэр у пашырэньні дэмакратычных каштоўнасьцяў. Аднак рашэньне сацыял-дэмакратаў уступіць у кааліцыю з партыяй „Нёманская зара“ — партыяй, лідэра якой абвінавацілі ў падбухторваньні да гвалту і нянавісьці да габрэяў, — падрывае асноўныя каштоўнасьці, якія аб’ядноўваюць нашыя нацыі», — гаворыцца ў заяве Кардына, апублікаванай у пятніцу.
Ёсьць рашэньне Канстытуцыйнага суду Літвы, які прызнаў, што сваімі антысэміцкімі выказваньнямі Жамайтайціс як дэпутат папярэдняй кадэнцыі парушыў дэпутацкую прысягу і Канстытуцыю краіны.
У выніку сацыял-дэмакраты вымушаныя былі зрабіць заяву, у якой асудзілі «любыя прыкметы праявы антысэмітызму ў літоўскім грамадзтве і палітычным жыцьці».
Лідэр «Нёманскай зары» вымушаны апраўдвацца
У адказ на крытыку лідэр партыі «Нёманская зара» Рэмігіюс Жамайтайціс вымушаны быў зьвярнуцца зь лістом да амбасадараў краін NATO і Эўразьвязу ў Літве. У ім ён спрабаваў пераканаць, што ні ён, ні сябры ягонай партыі — не антысэміты.
«Палітычныя апанэнты, якія прайгралі выбары ў парлямэнт, актыўна распаўсюджваюць інфармацыю пра тое, што і я, і палітычная партыя „Нёманская зара“, якая будзе ў кааліцыі, прытрымліваюцца антысэміцкіх поглядаў. Асабіста хачу вас запэўніць, што гэта ня так і ніколі не было», — заявіў Рэмігіюс Жамайтайціс.
«Я паважаю ўсіх людзей розных нацыянальнасьцяў, якія цягам стагодзьдзяў унесьлі і садзейнічаюць захаваньню незалежнасьці Літвы і павелічэньню яе дабрабыту. Я лічу, што роўнасьць усіх людзей, павага да індывідуальнасьці і чалавечай годнасьці зьяўляецца асновай вяршэнства любога закону», — адзначаецца ў звароце палітыка да амбасадараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусы дапамагаюць эканоміцы Літвы расьці». Што імаверны будучы прэм’ер Літвы думае пра беларускую дыяспаруШто вядома пра «Нёманскую зару»
Экспэрты называюць «Нёманскую зару» ня партыяй, а «праектам» для прыходу да ўлады. У яе склад уваходзяць ужо вядомыя палітычныя дзеячы, якія былі пад рознымі сьцягамі. Галоўную ролю ў гэтай палітычнай сіле адыгрывае Рэмігіюс Жамайтайціс — малады, дзёрзкі, нават радыкальны палітычны дзяяч. Свой шлях ён пачынаў зь дзеячамі, якія займаліся апэрацыямі зь зямлёй. Некаторыя зь іх былі асуджаныя, а ён змог выйсьці з той гісторыі пасьпяхова.
«Гэтая партыя фліртуе з сваімі прыхільнікамі, спрабуе празь іхныя галасы прыйсьці да ўлады і грошай. Пры гэтым яны атакуюць асноўныя стратэгічныя і геапалітычныя кірункі разьвіцьця літоўскай дзяржавы. Жамайтайціс нават першым зламаў табу на антысэміцкі наратыў у публічнай палітычнай сфэры. Але, насуперак гэтаму, ён форвард у выбарчай гонцы, адзін з фаварытаў гэтых выбараў і мае неблагія шанцы стаць часткаю новай кіроўнай кааліцыі. Іншыя партыі цяпер спрабуюць супраць яго стварыць нейкі санітарны кардон, але ці ўдасца гэта, ня ведаю. Не выключаю, што пасьля выбараў у нас будзе нейкі час палітычны балаган», — расказваў Свабодзе Вітаўтас Брувярыс, галоўны рэдактар літоўскага агенцтва навінаў ELTA.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрт патлумачыў, як можа зьмяніцца палітыка Літвы адносна Беларусі, калі на выбарах перамогуць левыя ці радыкалы