Улады Хойніцкага раёну адмовіліся ўводзіць дадатковыя захады бясьпекі супраць дронаў

Ілюстрацыйнае фота

Хойніцкі раён месьціцца на поўдні краіны, і нярэдка над ім пралятаюць бесьпілётнікі, што накіроўваюцца ва Ўкраіну.

Група грамадзян, якія жывуць у Хойніцкім раёне, зьвярнулася з пэтыцыяй да мясцовых уладаў. Зварот з подпісам начальніка галоўнага ўпраўленьня адукацыі Руслана Сьмірнова апублікаваны на сайце petitions.by.

У звароце гаварылася, што засьцерагчы ад бесьпілётных лятальных апаратаў неабходна «ў першую чаргу дзяцей, якія наведваюць дзіцячыя садкі і школы».

«У пачатку верасьня 2024 году ў Гомлі адбылося падзеньне зьбітага БПЛА, што прывяло да пашкоджаньня будынка на ўскраіне гораду. Хоць пацярпелых не было, гэта падкрэсьлівае патэнцыйную небясьпеку падобных здарэньняў для цывільных аб’ектаў», — адзначалі аўтары пэтыцыі.

Таксама ў звароце гаварылася, што раней Міністэрства абароны «зафіксавала некалькі выпадкаў парушэньня паветранай прасторы краіны з боку замежных бесьпілётнікаў, што стварае дадатковую пагрозу для памежных раёнаў, такіх як Хойніцкі».

Жыхары раёну, які мяжуе з Украінай, прасілі абсталяваць навучальныя ўстановы сродкамі радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ), прапанаваўшы ўсталяваць іх «на дахах адукацыйных устаноў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ўдакладнілі прычыны для адмовы ў рэгістрацыі цывільных бесьпілётнікаў

Рэгіянальныя ўлады, аднак, адмовіліся ісьці на дадатковыя захады бясьпекі. Яны абмежаваліся вытрымкай з закону.

«Меры ў забесьпячэньні бясьпекі дзяцей ва ўстановах адукацыі Хойніцкага раёну арганізаваныя ў адпаведнасьці з правіламі бясьпекі, зацьверджанымі пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь № 227 ад 03.08.2022», — гаворыцца ў адказе.

10 лістапада Ўзброеныя сілы Ўкраіны паведамілі пра чарговыя ўварваньні ў паветраную прастору Беларусі расейскіх дронаў іранскай вытворчасьці «Шахед». Паводле зьвестак маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», у ноч на 10 лістапада ў Гомельскую вобласьць заляцела ня менш за 10 бесьпілётнікаў, тры зь іх «зьніклі» ў Брагінскім, Мазырскім і Ельскім раёнах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вырасла колькасьць ахвяраў расейскага ўдару па Запарожжы. Расея правяла новыя ракетныя атакі на Ўкраіну

7 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, якім дазволіў зьбіваць бесьпілётнікі ня толькі вайскоўцам, але і супрацоўнікам іншых ваенізаваных арганізацый, уключаючы органы пракуратуры, мытні, камітэту судовых экспэртыз і нават інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету.

Пры гэтым улады шырока не паведамляюць пра зьбіцьцё дронаў. Пра абставіны такіх дзеяньняў і месцы падзеньняў нічога не вядома.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэагуем моўчкі». Як улады абараняюць беларускае неба ад вайсковых бесьпілётнікаў