Пра тэлефонную гутарку двух палітыкаў паведаміла 10 лістапада газэта Washington Post са спасылкай на крыніцы ў атачэньні Трампа.
Выданьне мае інфармацыю, што Дональд Трамп патэлефанаваў Уладзіміру Пуціну яшчэ 7 лістапада, празь дзень пасьля размовы з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.
Неназваныя крыніцы, якія цытуе Washington Post, паведамілі, што Трамп сказаў Пуціну не абвастраць вайну ва Ўкраіне і выказаў зацікаўленасьць у далейшых перамовах наконт вайны ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Чым можа зьдзівіць Дональд Трамп? Ацэнка паліталягіні ШмацінайСпачатку Пуцін халаднавата адрэагаваў на пераканаўчую перамогу Трампа на выбарах, перш чым 7 лістапада неафіцыйна павіншаващ абранага прэзыдэнта. Ён высока ацаніў «мужнасьць» Трампа, які выжыў пасьля замаху ў ліпені, і сказаў, што гатовы пагаварыць зь ім.
Крыніцы амэрыканскага выданьня сьцьвярджалі, што Кіеў быў праінфармаваны пра званок Пуціну і не пярэчыў.
Але ж прадстаўнік МЗС Украіны Георгій Ціхі заявіў агенцтву Reuters, што Кіеў загадзя не паінфармавалі аб тэлефоннай размове паміж абраным прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і Ўладзімірам Пуціным.
Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў 11 лістапада заявіў, што размовы паміж Пуціным і Трампам, пра якую пісала The Washington Post, не было.
«Гэта поўнасьцю не адпавядае рэчаіснасьці. Гэта чыстая выдумка, гэта проста лжывая інфармацыя», — сказаў ён.
У выбарчай кампаніі напярэдадні выбараў 5 лістапада Трамп заяўляў, што скончыць вайну ва Ўкраіне. Пры гэтым ён не паведамляў падрабязнасьцяў аб тым, як ён плянуе гэта зрабіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаго чакаць ад вяртаньня Дональда Трампа на пасаду прэзыдэнта ЗША