Ціханоўская і прэзыдэнт Нямеччыны абмеркавалі будучыню Эўропы пасьля зьмены ўлады ў ЗША

Сьвятлана Ціханоўская і Франк-Вальтэр Штайнмаер.

Будучыню Эўропы пасьля зьмены ўлады ў ЗША абмеркавалі ў Бэрліне Сьвятлана Ціханоўская і прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер.

Сустрэча адбылася 9 лістапада ў рамках сьвяткаваньня 35-й гадавіны падзеньня Бэрлінскай сьцяны.

«Мы шмат гаварылі пра сытуацыю ў сьвеце, — паведаміла агенцтву „Позірк“ беларуская дэмакратычная лідэрка. — Бо спадар Штайнмаер сустракаецца амаль штодня з многімі прэзыдэнтамі, і я цікавілася яго меркаваньнем, што чакае Эўропу, калі, напрыклад, зьменіцца палітыка ЗША, хоць усе гэтыя чатыры гады мы бачылі падтрымку абедзьвюх партый (Дэмакратычнай і Рэспубліканскай.) у тым, што тычыцца Беларусі і Ўкраіны. Але цяпер такі незразумелы час. І я пыталася, ці застанецца Эўропа аб’яднанай, нават калі ня будзе ўпэўненай палітыкі ЗША. Спадар Штайнмаер дзяліўся думкамі, як гэта можа выглядаць, ці будзе Эўропа адчуваць сябе слабейшай, калі адбудуцца зьмены ў амэрыканскай зьнешняй палітыцы».

«Па зразумелых прычынах я не магу публічна дзяліцца сутнасьцю нашай размовы, але адзначу, што прэзыдэнт Нямеччыны вельмі добра разумее сытуацыю ў Эўропе», — сказала Ціханоўская.

Паводле слоў Штайнмаера, Нямеччына спадзяецца, што палітыка ЗША і Эўропы застанецца прынцыповай у адносінах і да Беларусі, і Ўкраіны, бо ўсе разумеюць зло, якое нясе дыктатура. «Спадар Штайнмаер лічыць, што павінна быць больш рашучасьці, павінны быць моцныя лідэры цяпер, калі адбываецца такое магутнае супрацьстаяньне паміж дыктатурай і дэмакратыяй», — сказала дэмакратычная лідэрка Беларусі.

20 студзеня адбудзецца інаўгурацыя новага прэзыдэнта ЗША рэспубліканца Дональда Трампа, які перамог на выбарах 5 лістапада.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Святлана Ціханоўская знаходзіцца ў Бэрліне зь візытам, прымеркаваны да 35-ай гадавіны падзеньня Бэрлінскай сьцяны

Хто такая Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.

Сьвятлана Ціханоўская

  • Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
  • 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
  • Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
  • Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
  • Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
  • З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
  • Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
  • 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
  • 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
  • Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
  • Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
  • Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
  • За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
  • Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
  • У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
  • У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
  • Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
  • У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
  • У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам