Такім чынам Трамп даверыў ключавую пазыцыю палітычнаму стратэгу, якая дапамагла яму перамагчы на выбарах. Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».
Гэтае прызначэньне стала першым у чаканай сэрыі кадравых рашэньняў, паколькі Трамп рыхтуецца да вяртаньня ў Белы дом 20 студзеня.
Уайлс стане першай у гісторыі жанчынай на чале адміністрацыі прэзыдэнта ЗША.
«Сьюзэн Уайлс толькі што дапамагла мне атрымаць адну з самых значных палітычных перамог у гісторыі ЗША; яна была неад’емнай часткай як маёй пасьпяховай кампаніі як 2016 году, гэтак і 2020 году», — гаворыцца ў заяве Трампа.
«Сьюзэн моцная, разумная, па-наватарску настроеная і карыстаецца ўсеагульнай павагай, — дадаў Трамп. — У мяне няма сумневаў, што яна будзе гонарам для нашай краіны».
Пасьля перамогі на выбарах сёлета Трамп назваў Уайлс «Ледзяная дама».
Прэзыдэнт-элект разглядае шырокае кола кандыдатаў на ключавыя пасады ў сваёй адміністрацыі, многія зь якіх ужо займалі важныя пасады ў яго прэзыдэнцкі тэрмін з 2017 па 2020 гады, паведамілі чатыры крыніцы.
Двое з крыніц паведамілі Reuters, што Уайлс, палітычны стратэг з Флорыды, карыстаецца даверам і заслужыла прызнаньне за дапамогу ў пасьпяховай кампаніі Трампа.
Кіраўнік адміністрацыі звычайна мае значны ўплыў. Гэты чалавек кіруе пэрсаналам Белага дому, арганізуе расклад і графік прэзыдэнта і падтрымлівае кантакты зь іншымі ўрадавымі дэпартамэнтамі і заканадаўцамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што беларусам чакаць ад выбараў у ЗША. Вынікі тыдня ад Карбалевіча