«Беларусы дапамагаюць эканоміцы Літвы расьці». Што імаверны будучы прэм’ер Літвы думае пра беларускую дыяспару

Гінтаўтас Палуцкас

Гінтаўтас Палуцкас — кандыдат на кіраўніка ўраду Літвы ад Сацыял-дэмакратычнай партыі, якая атрымала перамогу на нядаўніх парлямэнцкіх выбарах.

Балтыйская рэдакцыя тэлеканалу «Настоящее время» задала Палуцкасу пытаньне, што ён думае аб прапановах узмацніць жорсткасьць правілаў знаходжаньня і натуралізацыі для выхадцаў зь Беларусі ў Літве.

«Я нагадаю, што беларусаў мы як дзяржава запрасілі самі. Запрасілі, імкнучыся стварыць для іх дэмакратычныя і бясьпечныя ўмовы для жыцьця, працы і адкрыцьця бізнэсу, пасьля таго, як спадар Лукашэнка чарговы раз — у двукосьсі — «перамог» на выбарах у Беларусі. Казаць, што беларусы, якія прыехалі сюды, робяць нешта дрэннае, у мяне асабіста язык не павернецца. Тым больш што яны сапраўды робяць свой унёсак у нашу эканоміку і зьяўляюцца ўдзельнікамі рынку працы», — сказаў палітык.

Паводле Палуцкаса, ніхто зь беларусаў не стаіць на біржы працы з працягнутай рукой, просячы сацыяльнай дапамогі. Беларусы, на яго думку, дапамагаюць эканоміцы Літвы расьці.

«Што да розных выклікаў у галіне бясьпекі, без сумневу, мы разумеем, што розныя выведныя службы дзейнічаюць — тыя ці іншыя працэсы адбываюцца па ўсім сьвеце, у тым ліку і ў Літве. Нам трэба аналізаваць, ацэньваць і назіраць за пэўнымі рэчамі, якія знаходзяцца ў плашчыні нацыянальнай бясьпекі. Аднак штучныя абмежаваньні, накшталт забаронаў вяртацца на радзіму ці бачыцца са сваякамі, няўстойлівыя і нелягічныя», — заявіў Палуцкас.

Ён дадаў, што супрацоўнікі беларускай выведкі, якія жадаюць уплываць на дыяспару і тых беларусаў, якія пераехалі ў Літву, могуць рабіць гэта і проста ў Літве, а ня толькі на тэрыторыі Беларусі.

«Задача літоўскага Дэпартамэнту дзяржбясьпекі палягае ў тым, каб гэтага не было. А штучныя абмежаваньні не працуюць. Мы бачым прыклад Польшчы, дзе падобных абмежаваньняў няма, і, зыходзячы з гэтага, мяркуем, што такую палітыку маглі б праводзіць і ў Літве», — заявіў Гінтаўтас Палуцкас.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Міграцыйная палітыка стане больш жорсткай». Экспэрт пра перамогу сацыял-дэмакратаў на выбарах у Літве

Гінтаўтас Палуцкас — віцэ-старшыня Сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы. Дэпутат Сейму. Нарадзіўся ў 1979 годзе ў горадзе Панявежыс. Па спэцыяльнасьці — матэматык-інфарматык. Таксама вывучаў права ў Віленскім унівэрсытэце. Займаў пасаду кіраўніка гарадзкой адміністрацыі Вільні (2007–2009) і віцэ-мэра літоўскай сталіцы (2015–2019).