Сярод абласьцей краіны Віцебшчына на апошнім месцы па зборы збожжа. Сёлета гэта няпоўныя 700 тысяч тонаў. У той час як у лідэра, Менскай вобласьці, больш за 2 млн тонаў.
«Атрымліваць збожжа на поўначы, паўночней за Полацак, Віцебск, бадай што гэта авантура. У нас не атрымліваецца. Таму мы павінны зыходзіць з рэальнай сытуацыі і рабіць тое, што трэба», — сказаў Лукашэнка.
Ён прапанаваў вызначыць тыя напрамкі, дзе вобласьць магла б больш пасьпяхова займацца сельскай гаспадаркай, заўважыўшы, што ў Фінляндыі, Нарвэгіі ці на поўначы Расеі людзі жывуць у яшчэ больш складаных умовах.
Свабода спраўдзіла, а якая ж ураджайнасьць збожжа ў згаданых краінах. У адкрытых крыніцах ёсьць ураджайнасьць збожжа ўсіх трох краінаў за 2022 год.
- Фінляндыя — гэта 37 ц/га.
- Нарвэгія — 47 ц/га.
- У Ленінградзкай вобласьці Расеі — 37,6 ц/га.
У Віцебскай вобласьці ў 2022 годзе ўраджайнасьць склала 31 ц/га. Для параўнаньня, сярэдні сусьветны паказчык у 2022 годзе па 176 краінах — 38 ц/га.
Нягледзячы на больш суровы клімат, ураджайнасьць збожжа ва ўсіх пералічаных Лукашэнкам краінах вышэйшая, чым у Віцебскай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі зноў на паўгода ўвялі ліцэнзаваньне вывазу збожжа