«Беларуская мова гучала ў Палацы Эўропы». 22-гадовы беларус перамог у праваабарончым конкурсе Рады Эўропы

Арцём Вашкевіч

22-гадовы беларус Арцемій Вашкевіч стаў пераможцам у конкурсе Рады Эўропы «Human Rights. Camera. Action!». Узнагарода была ўручаная падчас Сусьветнага форуму за дэмакратыю, які прайшоў 6–8 лістапада ў Палацы Эўропы ў Страсбуры.

Свабода пагутарыла з Арцеміям пасьля ўганараваньня.

Арцём Вашкевіч цяпер жыве ў Польшчы. Ён кажа, што і пасьля 2020 году, і пасьля 2022 году ягонае жыцьцё моцна зьмянялася. Арцём — студэнт, сфэра ягонай грамадзкай актыўнасьці — правы чалавека, галоўны кірунак — тэма адмены сьмяротнага пакараньня.

— Я малады эўрапейскі амбасадар, уваходжу ў арганізацыю Young European Ambassadors. Раней займаўся дызайнам, музыкай. І калі пабачыў абвестку пра конкурс, падумаў: а чаму б не аб’яднаць ужо існуючыя скілы з маім новым зацікаўленьнем у сфэры правоў чалавека? Я хацеў зрабіць відэа менавіта на беларускай мове. І мне вельмі падабаецца, што ў выніку ў Радзе Эўропы, у Палацы Эўропы прагучала беларуская мова.

— У Беларусі парушаюцца, бадай, усе правы чалавека. Чаму менавіта тэма адмены сьмяротнага пакараньня настолькі важная для вас?

— Найперш гэта важна ў кантэксьце Рады Эўропы. Найгалоўная прычына, чаму Беларусь не ўвайшла ў Раду Эўропы, палягае ў тым, што Лукашэнка не захацеў адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня. Па-другое, я сам даволі моцна рэфлексую на тэму сьмерці агулам. Гэта цікавая філязофская тэма для мяне. Спачатку ў мяне была ідэя зьняць відэа пра сьмяротнае пакараньне для гэтага конкурсу, але часу заставалася няшмат, і я ня змог знайсьці нейкі пісталет. І мне прыйшла ў галаву думка, што я магу проста запісаць відэа на тэму правоў чалавека, пра паўсядзённае жыцьцё.

З гэтага і вынікае галоўная ідэя відэа, што правы чалавека паўсюль, і яны больш за ўсё нам патрэбныя менавіта ў нашым паўсядзённым жыцьці, а ня толькі ў нейкія пераломныя моманты. Гэта як змаганьне за нармальнае жыцьцё. Калі пераяжджаеш зь Беларусі, здаецца, што ўсё павінна быць добра, але рэальнасьць такая, што ўвесь час трэба змагацца за тое, каб легальна жыць, працаваць, бачыцца з блізкімі... Тады як большасьці эўрапейцаў падаецца — якія тут могуць быць праблемы? Я вельмі шчасьлівы, што журы ацаніла маю працу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Удзел прадстаўнікоў Каардынацыйнай Рады ў ПАРЭ, праца для беларусаў у Радзе Эўропы. Што зрабіла кантактная група па Беларусі за 2 гады