У Амстэрдаме адбылася сэрыя нападаў на ізраільцянаў

Фанаты тэль-авіўскага «Макабі» перад гульнёй

У ізраільскай прэсе ўспамінаюць «Крыштальную ноч» і адзначаюць поўную бязьдзейнасьць паліцыі.

Увечары 7 лістапада ў Амстэрдаме адбылася футбольная сустрэча Лігі Эўропы паміж галяндзкім «Аяксам» і «Макабі» з Тэль-Авіву. Яна завяршылася разгромнай перамогай «Аяксу», а пасьля гульні ізраільскіх прыхільнікаў чакалі праблемы. Не ад ультрас «Аяксу», якія маюць прыяцельскія адносіны зь імі, а ад мясцовай арабскай моладзі.

The Jerusalem Post называе падзеі ў нідэрляндзкай сталіцы «пагромам» і заўважае, што напады адбыліся празь некалькі гадзін пасьля таго, як у Амстэрдаме на дзяржаўным узроўні ўшанавалі ахвяраў «Крышчальнай ночы», што адбылася ў ноч з 9 на 10 лістапада 1938 году і ўключала ў сябе сэрыю габрэйскіх пагромаў у шэрагу гарадоў з падачы НСДАП.

Як найменей 10 чалавек трымалі траўмы пры нападах арабаў па выхадзе са стадыёну. Адзначаецца, што галяндзкая паліцыя проста пакінула заўзятараў «Макабі» без суправаджэньня, і тыя адправіліся ў свае гатэлі, аднак зазналі нападу. Выданьне Walla адзначае, што два чалавекі зьніклі бязь вестак, у прыватнасьці, адзін 33-гадовы грамадзянін Ізраілю. Ён прыляцеў у Амстэрдам на матч зь Лёндану, але апошні раз выходзіў на сувязь са сваякамі яшчэ да гульні.

Некаторыя ізраільскія каналы паведамляюць пра спробы арабаў утапіць аднаго з ізраільцянаў у амстэрдамскім канале.

Галяндзкая паліцыя заявіла пра 57 затрыманых за агрэсіўныя паводзіны. Ізраільскія журналісты адзначаюць, што за некаторымі прыхільнікамі клюбу з Тэль-Авіву нападнікі ганяліся з нажамі. Выданьне Maariv паведаміла пра адну спробу выкраданьня чалавека, некаторыя іншыя ізраільцяне забарыкадаваліся ў крамах і іншых установах, каб пазьбегнуць расправы.

Амбасада Ізраілю ў Нідэрляндах спрабуе забясьпечыць грамадзянам сховішча, а прэм’ер-міністар краіны Біньямін Нэтаньягу заявіў, што высылае па сваіх грамадзян два самалёты для бясьпечнай эвакуацыі.

Звычайна пасьля футбольных паядынкаў прыхільнікаў гасьцявой каманды суправаджае паліцыя, каб не дапусьціць падобных здарэньняў. Але ў Амстэрдаме гэтага не адбылося, пры тым, што ў горадзе пражывае вялікая колькасьць арабаў, настроеная супраць Ізраілю. У выніку пасьля гульні ўжо каля гасьцявога абсягу стадыёну натоўп арабаў, які быў у колькаснай перавазе, пачаў атакаваць ізраільцянаў з крыкамі «Свабоду Газе».

Колішні прэм’ер-міністар Ізраілю Нафталі Бэнэт назваў падзеі «плянаваным і арганізаваным пагромам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У тэст на нямецкае грамадзянства ўнясуць пытаньні пра габрэяў і Ізраіль