Эўрапейскія лідэры ў Будапэшце вядуць дыскусіі пасьля перамогі Трампа

Эманюэль Макрон (зьлева) і Віктар Орбан

У Будапэшце праходзіць саміт Эўрапейскай палітычнай супольнасьці. Гэтая арганізацыя, створаная пасьля расейскага поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе, аб’ядноўвае амаль усе краіны Эўропы, а таксама Паўднёвага Каўказу, за выключэньнем Расеі і Беларусі.

У сталіцу Вугоршчыны прыбылі як лідэры краінаў Эўразьвязу, гэтак і кіраўнікі дзяржаў, якія не ўваходзяць у ЭЗ, у тым ліку прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Гэта першы візыт Зяленскага ў Вугоршчыну з пачатку вайны.

Саміт праходзіць на наступны дзень пасьля перамогі на выбарах прэзыдэнта ЗША рэспубліканца Дональда Трампа, які, як не выключаюць эўрапейскія палітыкі, можа зьмяніць курс ЗША ў дачыненьні як да Ўкраіны, гэтак і да саюзьнікаў ЗША па NATO.

Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан, які старшынюе на саміце і лічыцца палітычным саюзьнікам Трампа, напярэдадні ўжо заявіў, што Эўразьвязу трэба распрацаваць новую стратэгію адносна вайны ва Ўкраіне. Раней Орбан заклікаў, у прыватнасьці, да перамоваў аб міры ва Ўкраіне без папярэдніх умоваў — і ў Маскве, і ў Кіеве афіцыйна лічаць гэта непрымальным.

Большасьць лідэраў краін Эўразьвязу настойваюць на неабходнасьці працягу падтрымкі Ўкраіны «столькі, колькі неабходна». Гэты пункт гледжаньня адстойваў на пасяджэньні ў Будапэшце прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон. Ён заявіў, што не дапусьціць перамогі Расеі ва Ўкраіне — у інтарэсах Эўропы. Таксама Макрон заклікаў краіны Эўропы праяўляць больш самастойнасьці ў справах абароны і не аддаваць яе «на аўтсорсінг» ЗША.

Як Макрон, гэтак і іншыя лідэры заклікаюць краіны ЭЗ захоўваць еднасьць у ключавых пытаньнях. Усе яны пры гэтым выказваюць надзею на працяг і ўмацаваньне супрацоўніцтва паміж ЭЗ і ЗША і пры Трампу.

Генэральны сакратар NATO Марк Рутэ, які таксама прыехаў у Будапэшт, адзначыў, што ў прынцыпе падтрымлівае заклік Трампа да краінаў NATO выдаткоўваць ня менш за 2% ВУП на патрэбы абароны. Ён таксама зазначыў, што гатовы абмеркаваць з Трампам пагрозы, якія стварае ня толькі для Эўропы, але і для ЗША вайсковае супрацоўніцтва паміж Расеяй і Паўночнай Карэяй.

У саміце ўдзельнічаюць таксама лідэры Малдовы і Грузіі. Пры гэтым напярэдадні сустрэчы ў Будапэшце лідэры Францыі, Нямеччыны і Польшчы заклікалі ўлады Грузіі расьсьледаваць «шматлікія парушэньні» на нядаўніх парлямэнцкіх выбарах. Яны таксама заявілі, што ня змогуць падтрымаць рух Грузіі да ўступленьня ў ЭЗ безь неабходных дэмакратычных рэформаў у краіне. Згодна з афіцыйнымі вынікамі, у Грузіі зноў перамагла кіроўная партыя «Грузінская мара». Апазыцыя, якая выступае з празаходніх пазыцыяў, не прызнала вынікі выбараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Эўразьвяз рыхтуецца да вяртаньня Трампа