Паводле зьвестак праваабаронцаў, у Смаргонях і раёне «зачыстка» закранула сама меней чатыры дзясяткі чалавек, піша «Вясна» са спасылкай на зьвесткі арганізацыі «Гарадзенская праваабарона». Праваабаронцам вядомыя прозьвішчы многіх затрыманых, але зь меркаваньняў бясьпекі іх пакуль не агучваюць.
Нагоды для затрыманьня розныя — удзел у мірных акцыях пратэсту ў 2020 годзе, падпіскі на «экстрэмісцкія» сайты і тэлеграм-каналы, дапамога сем’ям палітвязьняў, атрыманьне дапамогі ад BySol і ByHelp і інш. Ёсьць інфармацыя, што некаторых затрымлівалі разам з жонкамі ці мужамі. Затрымліваюць і тых, хто стала жыве ў горадзе, і тых, хто вяртаецца з-за мяжы.
За падпіскі на «экстрэмісцкія рэсурсы» прысуджаюць пераважна «содні» адміністрацыйнага арышту, адзначаюць праваабаронцы. Паводле іх, на некаторых завялі крымінальныя справы паводле арт. 357 КК (Змова ці іншыя дзеяньні, зьдзейсьненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады) і арт. 361 (Заклікі да санкцыяў ці іншых дзеяньняў, якія шкодзяць нацыянальнай бясьпецы).
У Слоніме, паводле праваабаронцаў, затрымалі сама меней 10 чалавек, некаторым прысудзілі адміністрацыйны арышт на 15 содняў, некаторым пагражаюць крымінальнымі справамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былыя палітвязьні, актывісты, сваякі ўцекачоў. Да каго прыходзяць з арыштамі сілавікі перад выбарамі