«Трамп, вядома, гэта моц. Як бы я да яго ні ставіўся, ён малайчына. Цяжка было паверыць, што ён зможа выйграць. Стралялі, душылі, пасадзіць хацелі і іншае, але ён як бульдозэр прайшоўся. І прайшоўся пасьля таго, як ён ужо папрацаваў быццам бы няўдала», — заявіў Лукашэнка.
Таксама ён паўтарыў свае ранейшыя словы пра тое, што перамога Трампа — «гэта ягоны асабісты подзьвіг у імя амэрыканскага народу» і яшчэ раз назваў яго «малайчынам».
Выказаўся Лукашэнка і пра кандыдатку ад дэмакратычнай партыі Камалу Гарыс, якая стаступіла Трампу ў прэзыдэнцкай гонцы.
«Камала — гераічная жанчына, і ёй ня трэба плакаць. Я сёньня паглядзеў, хвалюецца: прайграла. Амэрыка сасьпела абраць чарнаскурага прэзыдэнта, але не сасьпела яшчэ абраць жанчыну. Яна нос у нос ішла з гэтым „бульдозэрам“. Яна зрабіла ўсё магчымае і немагчымае. Яна малайчына, таму плакаць ёй ні ў якім разе нельга», — прыводзіць словы Лукашэнкі БЕЛТА.
Таксама Лукашэнка зьвярнуў увагу, што дэмакраты пасьля паразы не заклікалі сваіх прыхільнікаў выходзіць на пратэсты або «з кайлом і сякерай ісьці на органы ўлады». І гэта, паводле Лукашэнкі, навука для «зьбеглай апазыцыі».
6 лістапада Лукашэнка павіншаваў Трампа з абраньнем прэзыдэнтам ЗША, пажадаўшы яму «трапных палітычных рашэньняў, якія зробяць Амэрыку зноў вялікай».
- 30 траўня, за пяць месяцаў да прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША 12 прысяжных суду Нью-Ёрку прызналі былога прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа вінаватым ува ўсіх 34 пунктах абвінавачаньня ў фальсыфікацыі дзелавых дакумэнтаў перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2016 году з мэтай прыхаваць выплаты акторцы зь фільмаў для дарослых. Акрамя гэтага, Трамп сутыкнуўся з трыма іншымі судамі: адзін зьвязаны зь меркаваным парушэньнем абыходжаньня з сакрэтнымі дакумэнтамі, другі — зь беспарадкамі ў Капітоліі 6 студзеня 2021 году, яшчэ адзін зьвязаны зь меркаваным умяшаньнем у выбары ў штаце Джорджыя. Іх пасьля адклалі.
- Крымінальныя справы не перашкодзілі Трампу балятавацца ў прэзыдэнты ЗША, бо Канстытуцыя ЗША вызначае, што прэзыдэнт павінен быць прыроджаным грамадзянінам ЗША, мець ня менш за 35 гадоў і жыць у ЗША прынамсі 14 гадоў, але не забараняе зьняволенаму ці ўмоўна асуджанаму балятавацца на пасаду або стаць прэзыдэнтам.
- Трамп выкарыстаў суды супраць яго, каб актывізаваць сваю выбарчую базу, заяўляючы пра палітычную змову, мэта якой заблякаваць яго прэзыдэнцтва. Пасьля выстаўленых яму летась абвінавачаньняў адбыўся ўсплёск ахвяраваньняў на яго кампанію.
Прэзыдэнцкія выбары ў ЗША 2024 году
- За перамогу змагаліся два палітыкі: былы прэзыдэнт, 78-гадовы Дональд Трамп, кандыдат ад Рэспубліканскай партыі, і віцэ-прэзыдэнтка, 60-гадовая Камала Гарыс, кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі. Па выніках выбараў Дональд Трамп забясьпечыў сабе вяртаньне ў Белы дом.
- Дональд Трамп балятаваўся на пасаду трэці раз. У 2020 годзе ён прайграў Джо Байдэну.
- Трамп стаў другім прэзыдэнтам у гісторыі, які выйграў выбары пасьля перапынку ў кадэнцыях. Адзіным прэзыдэнтам, які дасягнуў гэтага, быў Гровэр Кліўлэнд, яшчэ ў канцы XIX стагодзьдзя.
- Камала Гарыс замяніла Джо Байдэна на выбарах ад Дэмакратычнай партыі. Гэта адбылося пасьля ягонага кепскага выступу на дэбатах з Дональдам Трампам, які падкрэсьліў, што ёсьць прычыны для занепакоенасьці ягоным узростам.
- Гарыс падкрэсьлена падтрымлівала права на аборты пасьля рашэньня Вярхоўнага суду ў 2022 годзе, якое спыніла канстытуцыйнае права на аборты. Гарыс назвала Трампа «пагрозай для дэмакратыі», адзначыўшы ягоную ролю ў нападзе 6 студзеня на Капітолій ЗША і яго адмову прызнаць пройгрыш Байдэну ў 2020 годзе.
- Трамп жа заявіў, што на другім магчымым тэрміне ён зробіць больш для паляпшэньня эканомікі, спыніць хвалю мігрантаў і будзе больш жорсткім у адносінах да супернікаў ЗША, такіх як Кітай.
- Гарыс заявіла, што будзе працягваць палітыку Байдэна ў дапамозе Ўкраіне. Трамп паставіў пад сумнеў падтрымку Ўкраіны, заявіўшы, што Эўропа павінна несьці асноўную частку цяжару падтрымкі Кіева ў змаганьні супраць расейскага ўварваньня.
- Свабода аналізавала, чаму вынік выбараў у ЗША залежыць ад «хісткіх штатаў». Усяго такіх штатаў сем: Пэнсыльванія, Мічыган, Вісконсін, Арызона, Нэвада, Джорджыя і Паўночная Караліна. У 38 штатах адна і тая ж партыя атрымлівае большасьць галасоў на кожных прэзыдэнцкіх выбарах з пачатку XXI стагодзьдзя, часта зь вялікай перавагай. Толькі 12 штатаў «зьмянялі перавагі» хаця б раз з 2000 году.
- У некаторых штатах адна партыя дамінуе яшчэ даўжэй, напрыклад у Мінэсоце з 1976 году большасьць галасоў стабільна атрымлівае кандыдат ад дэмакратаў, а ў Тэхасе з 1980 году перамагае рэспубліканец.
- Таксама ў лістападаўскай кампаніі 2024 году перавыбіраецца траціна Сэнату і ўвесь склад Палаты прадстаўнікоў.
- Сэнат зацьвярджае на пасадах прызначэнцаў прэзыдэнта, у тым ліку судзьдзяў усіх узроўняў, і ратыфікуе міжнародныя пагадненьні. Кожны штат прадстаўляюць два сэнатары — усяго іх сто, тэрмін паўнамоцтваў — шэсьць гадоў. Барацьба ідзе за 34 месцы са 100 наяўных.
- Палата прадстаўнікоў традыцыйна адыгрывае ключавую ролю ў працы над бюджэтам ЗША і сфэрай падаткаў, а таксама мае права ініцыяваць працэдуру імпічмэнту фэдэральным службовым асобам, уключаючы прэзыдэнта. Цяпер у Палаце засядаюць 435 кангрэсмэнаў, тэрмін кадэнцыі якіх складае два гады. Яны прадстаўляюць 50 штатаў, а таксама Фэдэральную акругу Калюмбія (мае дарадчы голас) і пяць тэрыторый ЗША.