Расея абмяжуе даходы «замежных агентаў» і эмігрантаў, якія нэгатыўна выказваюцца пра дзяржаву

Вячаслаў Валодзін. Архіўнае фота

Расея плянуе значна ўзмацніць правілы рэгулявання даходаў, атрыманых асобамі, якіх лічаць «замежнымі агентамі», а таксама тых, хто нэгатыўна выказваецца пра РФ пасьля ад’езду з краіны, заявіў старшыня расейскага парлямэнту Вячаслаў Валодзін.

Паводле расейскага заканадаўства, любы чалавек або арганізацыя, што атрымлівае падтрымку з-за мяжы або знаходзіцца пад замежным уплывам, абавязаны зарэгістравацца як «замежны агент». Гэты ярлык, які нагадвае савецкія часы, цягне за сабой шматлікія бюракратычныя патрабаваньні, піша Reuters.

Расея сьцьвярджае, што яе закон менш строгі за Закон ЗША аб рэгістрацыі замежных агентаў 1938 году, хоць расейскі закон прымяняецца практычна да ўсіх лідэраў разьяднанай апазыцыі. Некаторыя дысыдэнты маюць яго за знак гонару.

Сьпікер ніжняй палаты расейскага парлямэнту Вячаслаў Валодзін заявіў, што Дзяржаўная Дума працуе над узмацненьнем жорсткасьці правіл па аўтарскіх і інтэлектуальных правах для замежных агентаў, абавязваючы іх выкарыстоўваць адмысловыя рублёвыя рахункі для такіх выплат.

Правілы будуць ахопліваць усе даходы ад інтэлектуальнай дзейнасьці і брэндаў, у тым ліку ад працы ў навуцы, літаратуры і мастацтве, выступаў, трансьляцыяў і гандлёвых марак.

«Тыя, хто разбураюць Расею, абражаючы яе грамадзян, удзельнікаў спэцыяльнай ваеннай апэрацыі, не павінны ўзбагачацца за кошт нашай краіны», — напісаў у сваім Telegram-канале Валодзін, які часта прапануе ініцыятывы, якія падтрымліваюцца Крамлём.

Афіцыйна Расея прадстаўляе вайну ва Ўкраіне як «спэцыяльную ваенную апэрацыю», хоць многія расейскія афіцыйныя асобы, уключаючы прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, часта называюць яе таксама вайной.

Валодзін дадаў, што Расея працуе над мерамі па ўзмацненьні правілаў у дачыненьні да даходаў тых людзей, якія не зьяўляюцца замежнымі агентамі, але пакінулі Расею і нэгатыўна выказваюцца пра яе.

Усяго Міністэрства юстыцыі Расеі ўнесла ў сьпіс замежных агентаў 881 асобу і арганізацыю, у тым ліку былога мільярдэра Міхаіла Хадаркоўскага, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі Дзьмітрыя Муратава і вядомага блогера і журналіста Юрыя Дудзя.

Прыхільнікі Пуціна заяўляюць, што закон аб замежных агентах неабходны для процідзеяньня заходнім спробам умяшацца ва ўнутраныя справы Расеі на фоне таго, што Пуцін характарызуе як проксі-вайну ва Ўкраіне паміж Расеяй і Захадам.

Расейскія чыноўнікі заяўляюць, што празаходняя культурная эліта, якая вырасла пасьля падзеньня СССР у 1991 годзе, ачышчаецца і замяняецца патрыятычнымі сьпевакамі, пісьменьнікамі і мастакамі, якія захаваюць сувэрэнітэт Расеі.

Апанэнты Пуціна сьцьвярджаюць, што гэты закон — частка сыстэмы рэпрэсій, якая ператварыла Расею ў хісткую аўтарытарную дзяржаву, у якой расейская мастацкая і навуковая творчасьць падаўляецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі распачалі крымінальную справу супраць сьпявачкі Манетачкі. Яна расказвала пра свае беларускія карані
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Cалідарная са сваім мужам»: Ала Пугачова папрасіла залічыць і яе да «замежных агентаў» у Расеі. Рэакцыя ўладаў