Паліцыя Сэрбіі арыштавала 14 чалавек пасьля беспарадкаў на дэманстрацыі супраць абрушэньня бэтоннага навесу на галоўным вакзале ў Нові-Садзе на мінулым тыдні, у выніку якога загінулі 14 чалавек.
6 лістапада сэрбскае МУС паведаміла, што 14 чалавек затрыманыя падчас і пасьля акцыі пратэсту. Аднаго зь іх перадалі судзьдзі ў справах непаўналетніх нібыта за гвалтоўныя паводзіны на масавым сходзе, на траіх склалі пратаколы за хуліганства, аднаго адпусьцілі пасьля заявы.
Улады гораду Нові-Сад раней казалі, што пасьля беспарадкаў арыштаваныя дзевяць чалавек, а адзін у вышуку. Але аказалася, што арыштаваных больш.
Гвалтоўныя дзеяньні пратэстоўцаў пачаліся на акцыі пратэсту 5 лістапада. Пракуратура Нові-Саду заявіла, што абвінавачаньні ўключаюць зьнішчэньне маёмасьці, напад на службовую асобу і стварэньне агульнай небясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трое пацярпелых пасьля абвалу навесу на чыгуначным вакзале Нові-Саду ў вельмі цяжкім стане ў шпіталіДзесяць паліцыянтаў і двое грамадзян атрымалі ў выніку беспарадкаў лёгкія раненьні, заявіў памочнік дырэктара паліцыі Драган Васілевіч у заяве для тэлерадыёкампаніі Сэрбіі.
Пратэстоўцы закідалі чырвонай фарбай і камянямі гарадзкую ратушу, дзе разьмешчаны ўрадавыя ўстановы гораду, патрабуючы прыцягнуць чыноўнікаў да адказнасьці за падзеньне навесу на нядаўна адрэканструяваным вакзале, які здалі ў эксплюатацыю ўлетку сёлета.
Раней акцыя пратэсту адбылася і ў сталіцы Сэрбіі Бялградзе, некаторыя пратэстоўцы патрабавалі нават адстаўкі прэзыдэнта краіны Аляксандра Вучыча. Незадаволеныя грамадзяне вінавацяць улады краіны ў масавым хабарніцтве, праз што адбываюцца трагедыі, падобныя да новісадзкай. Улады яшчэ расьсьледуюць усе прычыны падзеньня навесу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь і Сэрбія дамовіліся пра супрацоўніцтва ў сфэры бясьпекі і падрыхтоўкі сілавікоў