Орбан заклікаў да «новай стратэгіі» ЭЗ адносна вайны ва Ўкраіне

Віктар Орбан у Бішкеку, 6 лістапада 2024 году.

Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан на фоне перамогі рэспубліканца Дональда Трампа на выбарах прэзыдэнта ЗША заклікаў краіны ЭЗ распрацаваць новую стратэгію адносна вайны ва Ўкраіне.

Пра гэта лідэр краіны, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, заявіў у Бішкеку, дзе ён удзельнічае ў саміце цюрскіх народаў.

Орбан адкрыта падтрымліваў Трампа падчас перадвыбарнай кампаніі — у адрозьненьне ад большасьці лідэраў ЭЗ, якія наўпрост не камэнтавалі яе ход, аднак выказвалі занепакоенасьць адносна магчымых зьнешнепалітычных крокаў Трампа ў выпадку абраньня.

Вугорскі прэм’ер, які неаднаразова заклікаў да спыненьня агню ва Ўкраіне без папярэдніх умоў і выступаў супраць ваеннай дапамогі гэтай краіне, лічыць, што падыходы Дональда Трампа да вайны ва Ўкраіне блізкія да ягоных уласных. Трамп абяцаў «спыніць вайну» пасьля свайго абраньня, але не тлумачыў, як менавіта ён мае намер гэтага дабіцца.

Многія лідэры краін ЭЗ крытыкавалі Орбана, асабліва пасьля ягонае паездкі ў Маскву летам гэтага году. Ягоную пазыцыю называюць або занадта мяккай у адносінах да Расеі, або наўпрост прамаскоўскай. У той жа час, як адзначаюць агенцтвы, абраньне Трампа можа падвысіць палітычную вагу Орбана ў Эўропе — з «ізгоя» ён можа ператварыцца ў каштоўнага пасярэдніка ў сувязях з будучай амэрыканскай адміністрацыяй.

У Будапэшце ў чацьвер пройдзе нефармальны саміт ЭЗ, на якім лідэры абмяркуюць, сярод іншага, будучыню трансатлянтычных адносін пасьля перамогі Трампа. Там жа адбудзецца і сустрэча лідэраў Эўрапейскай палітычнай супольнасьці — у яе ўваходзяць практычна ўсе краіны Эўропы, акрамя Расеі і Беларусі. Чакаецца, у прыватнасьці, удзел прэзыдэнтаў Украіны, Сэрбіі і Турэччыны, якія не ўваходзяць у ЭЗ.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, рэагуючы на перамогу Трампа, заклікаў усе 27 краін ЭЗ каардынаваць намаганьні, каб умацаваць пазыцыі Эўразьвязу ў сьвеце. Раней пра тое, што ЭЗ павінен «пасталець» і перастаць залежаць ад бягучай палітыкі ЗША, казаў прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск.

Пры гэтым на фоне засьцярог, што дапамога ЗША Ўкраіне можа зьменшыцца, гучаць супрацьлеглыя прапановы адносна магчымай стратэгіі ЭЗ. У той час як лідэры, напрыклад, краін Балтыі, Швэцыі, Фінляндыі заклікаюць Эўразьвяз яшчэ актыўней дапамагаць Украіне, Орбан і ягоныя палітычныя саюзьнікі, такія як прэм’ер Славаччыны Робэрт Фіца, заклікаюць, наадварот, наладжваць адносіны з Масквой і, па сутнасьці, схіліць Украіну да мірных перамоваў на нявыгадных для яе ўмовах.

Прэзыдэнцкія выбары ў ЗША 2024 году

  • За перамогу змагаліся два палітыкі: былы прэзыдэнт, 78-гадовы Дональд Трамп, кандыдат ад Рэспубліканскай партыі, і віцэ-прэзыдэнтка, 60-гадовая Камала Гарыс, кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі. Па выніках выбараў Дональд Трамп забясьпечыў сабе вяртаньне ў Белы дом.
  • Дональд Трамп балятаваўся на пасаду трэці раз. У 2020 годзе ён прайграў Джо Байдэну.
  • Трамп стаў другім прэзыдэнтам у гісторыі, які выйграў выбары пасьля перапынку ў кадэнцыях. Адзіным прэзыдэнтам, які дасягнуў гэтага, быў Гровэр Кліўлэнд, яшчэ ў канцы XIX стагодзьдзя.
  • Камала Гарыс замяніла Джо Байдэна на выбарах ад Дэмакратычнай партыі. Гэта адбылося пасьля ягонага кепскага выступу на дэбатах з Дональдам Трампам, які падкрэсьліў, што ёсьць прычыны для занепакоенасьці ягоным узростам.
  • Гарыс падкрэсьлена падтрымлівала права на аборты пасьля рашэньня Вярхоўнага суду ў 2022 годзе, якое спыніла канстытуцыйнае права на аборты. Гарыс назвала Трампа «пагрозай для дэмакратыі», адзначыўшы ягоную ролю ў нападзе 6 студзеня на Капітолій ЗША і яго адмову прызнаць пройгрыш Байдэну ў 2020 годзе.
  • Трамп жа заявіў, што на другім магчымым тэрміне ён зробіць больш для паляпшэньня эканомікі, спыніць хвалю мігрантаў і будзе больш жорсткім у адносінах да супернікаў ЗША, такіх як Кітай.
  • Гарыс заявіла, што будзе працягваць палітыку Байдэна ў дапамозе Ўкраіне. Трамп паставіў пад сумнеў падтрымку Ўкраіны, заявіўшы, што Эўропа павінна несьці асноўную частку цяжару падтрымкі Кіева ў змаганьні супраць расейскага ўварваньня.
  • Свабода аналізавала, чаму вынік выбараў у ЗША залежыць ад «хісткіх штатаў». Усяго такіх штатаў сем: Пэнсыльванія, Мічыган, Вісконсін, Арызона, Нэвада, Джорджыя і Паўночная Караліна. У 38 штатах адна і тая ж партыя атрымлівае большасьць галасоў на кожных прэзыдэнцкіх выбарах з пачатку XXI стагодзьдзя, часта зь вялікай перавагай. Толькі 12 штатаў «зьмянялі перавагі» хаця б раз з 2000 году.
  • У некаторых штатах адна партыя дамінуе яшчэ даўжэй, напрыклад у Мінэсоце з 1976 году большасьць галасоў стабільна атрымлівае кандыдат ад дэмакратаў, а ў Тэхасе з 1980 году перамагае рэспубліканец.
  • Таксама ў лістападаўскай кампаніі 2024 году перавыбіраецца траціна Сэнату і ўвесь склад Палаты прадстаўнікоў.
  • Сэнат зацьвярджае на пасадах прызначэнцаў прэзыдэнта, у тым ліку судзьдзяў усіх узроўняў, і ратыфікуе міжнародныя пагадненьні. Кожны штат прадстаўляюць два сэнатары — усяго іх сто, тэрмін паўнамоцтваў — шэсьць гадоў. Барацьба ідзе за 34 месцы са 100 наяўных.
  • Палата прадстаўнікоў традыцыйна адыгрывае ключавую ролю ў працы над бюджэтам ЗША і сфэрай падаткаў, а таксама мае права ініцыяваць працэдуру імпічмэнту фэдэральным службовым асобам, уключаючы прэзыдэнта. Цяпер у Палаце засядаюць 435 кангрэсмэнаў, тэрмін кадэнцыі якіх складае два гады. Яны прадстаўляюць 50 штатаў, а таксама Фэдэральную акругу Калюмбія (мае дарадчы голас) і пяць тэрыторый ЗША.