Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў, камэнтуючы перамогу Дональда Трампа на выбарах у ЗША, заявіў, што Злучаныя Штаты «могуць садзейнічаць завяршэньню ўкраінскага канфлікту», але ці адбудзецца гэта, стане зразумела пасьля інаўгурацыі Трампа, піша ТАСС.
Аптымістычную рэакцыю некаторых расейскіх палітыкаў на вынік прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША Пяскоў патлумачыў «мірнымі памкненьнямі» Трампа.
«Мы неаднойчы казалі, што Злучаныя Штаты ў стане паспрыяць завяршэньню гэтага канфлікту (гаворка пра вайну Расеі супраць Украіны. — РС), — адзначыў Пяскоў. — Але ці будзе гэта зроблена і якім чынам, калі гэта будзе, мы паглядзім пасьля студзеня», — дадаў ён.
Пяскоў адзначыў гатовасьць Уладзіміра Пуціна да «канструктыўнага дыялёгу» з ЗША. Паводле Пяскова, Крэмль будзе чакаць першых заяваў і крокаў Дональда Трампа, калі той заступіць на пасаду прэзыдэнта ЗША ў студзені 2025 году. У той жа час, на думку прэс-сакратара Пуціна, адносіны паміж краінамі «наўрад ці стануць горшымі, чым цяпер».
Таксама Пяскоў заявіў, што яму невядома, ці зьбіраецца Пуцін віншаваць Трампа зь перамогай, бо «гаворка ідзе пра недружалюбную краіну, якая і наўпрост, і ўскосна ўцягнутая ў вайну супраць нашай дзяржавы».
Афіцыйна Ўладзімір Пуцін пакуль не віншаваў кандыдата ад Рэспубліканскай партыі Дональда Трампа зь перамогай на выбарах у ЗША. Тым часам выданьне «Вёрстка» са спасылкай на крыніцы, блізкія да Крамля, і крыніцы ў расейскім парлямэнце сьцьвярджае, што Пуцін і іншыя прадстаўнікі расейскай улады «праз знаёмых» ужо павіншавалі Трампа зь перамогай.
Паводле крыніц выданьня, віншаваньні, акрамя Пуціна, перадалі намесьнік кіраўніка Савету бясьпекі Дзьмітрый Мядзьведзеў, кіраўнік «Сбербанка» Герман Грэф, а таксама старшыні абедзьвюх палат парлямэнту РФ Валянціна Мацьвіенка і Вячаслаў Валодзін. Зроблена гэта было, як сьцьвярджаюць крыніцы, праз «знаёмых» па лініі расейскага МЗС.
Суразмоўцы выданьня адзначаюць, што «такім чынам эліты выказваюць надзею, што дзякуючы Трампу палепшацца пазыцыі Расеі ў вайне з Украінай»: «Надзеі зьвязаныя, у першую чаргу, са скарачэньнем дапамогі Ўкраіне ў ходзе „спэцапэрацыі“ (так улады Расеі называюць поўнамаштабнае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну. — РС). А так Трамп, вядома, значна больш дамоваздольны і лепшы для нас, чым Гарыс».
У той жа час адна з крыніц сказала, што ў Крамлі «не ўспрымаюць сур’ёзна» заявы Трампа аб тым, каб «скончыць вайну паміж Расеяй і Ўкраінай за адзін дзень».
Дональд Трамп, які перамог на выбарах прэзыдэнта ЗША, зрабіў вайну ва Ўкраіне адной з цэнтральных тэмаў сваёй перадвыбарнай кампаніі. Ён абвінавачваў Джо Байдэна ў тым, што той «уцягвае ЗША ў трэцюю сусьветную вайну». Пры гэтым Трамп неаднойчы абяцаў «скончыць вайну за 24 гадзіны».
У МЗС Расеі, між тым, зрабілі афіцыйную заяву наконт вынікаў выбараў у ЗША, адзначыўшы, што «ня маюць ілюзіяў» у дачыненьні да Трампа, бо «палітычная эліта, якая кіруе ў ЗША, незалежна ад партыйнай прыналежнасьці, прытрымліваецца антырасейскіх установак і лініі на стрымліваньне Масквы».
Афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава пры гэтым назвала арганізацыю галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША «вакханаліяй і дэманстрацыяй абсалютнага беззаконьня ва ўсім» і заявіла, што пасьля гэтых выбараў ЗША «павінны замаўчаць на доўгія гады адносна ацэнкі якасьці дэмакратыі, узроўню электаральнай граматнасьці».
Галасаваньне на выбарах у ЗША завяршылася раніцай 6 лістапада. Па выніках выбараў Дональд Трамп забясьпечыў сабе вяртаньне ў Белы дом.
Прэзыдэнцкія выбары ў ЗША 2024 году
- За перамогу змагаліся два палітыкі: былы прэзыдэнт, 78-гадовы Дональд Трамп, кандыдат ад Рэспубліканскай партыі, і віцэ-прэзыдэнтка, 60-гадовая Камала Гарыс, кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі. Па выніках выбараў Дональд Трамп забясьпечыў сабе вяртаньне ў Белы дом.
- Дональд Трамп балятаваўся на пасаду трэці раз. У 2020 годзе ён прайграў Джо Байдэну.
- Трамп стаў другім прэзыдэнтам у гісторыі, які выйграў выбары пасьля перапынку ў кадэнцыях. Адзіным прэзыдэнтам, які дасягнуў гэтага, быў Гровэр Кліўлэнд, яшчэ ў канцы XIX стагодзьдзя.
- Камала Гарыс замяніла Джо Байдэна на выбарах ад Дэмакратычнай партыі. Гэта адбылося пасьля ягонага кепскага выступу на дэбатах з Дональдам Трампам, які падкрэсьліў, што ёсьць прычыны для занепакоенасьці ягоным узростам.
- Гарыс падкрэсьлена падтрымлівала права на аборты пасьля рашэньня Вярхоўнага суду ў 2022 годзе, якое спыніла канстытуцыйнае права на аборты. Гарыс назвала Трампа «пагрозай для дэмакратыі», адзначыўшы ягоную ролю ў нападзе 6 студзеня на Капітолій ЗША і яго адмову прызнаць пройгрыш Байдэну ў 2020 годзе.
- Трамп жа заявіў, што на другім магчымым тэрміне ён зробіць больш для паляпшэньня эканомікі, спыніць хвалю мігрантаў і будзе больш жорсткім у адносінах да супернікаў ЗША, такіх як Кітай.
- Гарыс заявіла, што будзе працягваць палітыку Байдэна ў дапамозе Ўкраіне. Трамп паставіў пад сумнеў падтрымку Ўкраіны, заявіўшы, што Эўропа павінна несьці асноўную частку цяжару падтрымкі Кіева ў змаганьні супраць расейскага ўварваньня.
- Свабода аналізавала, чаму вынік выбараў у ЗША залежыць ад «хісткіх штатаў». Усяго такіх штатаў сем: Пэнсыльванія, Мічыган, Вісконсін, Арызона, Нэвада, Джорджыя і Паўночная Караліна. У 38 штатах адна і тая ж партыя атрымлівае большасьць галасоў на кожных прэзыдэнцкіх выбарах з пачатку XXI стагодзьдзя, часта зь вялікай перавагай. Толькі 12 штатаў «зьмянялі перавагі» хаця б раз з 2000 году.
- У некаторых штатах адна партыя дамінуе яшчэ даўжэй, напрыклад у Мінэсоце з 1976 году большасьць галасоў стабільна атрымлівае кандыдат ад дэмакратаў, а ў Тэхасе з 1980 году перамагае рэспубліканец.
- Таксама ў лістападаўскай кампаніі 2024 году перавыбіраецца траціна Сэнату і ўвесь склад Палаты прадстаўнікоў.
- Сэнат зацьвярджае на пасадах прызначэнцаў прэзыдэнта, у тым ліку судзьдзяў усіх узроўняў, і ратыфікуе міжнародныя пагадненьні. Кожны штат прадстаўляюць два сэнатары — усяго іх сто, тэрмін паўнамоцтваў — шэсьць гадоў. Барацьба ідзе за 34 месцы са 100 наяўных.
- Палата прадстаўнікоў традыцыйна адыгрывае ключавую ролю ў працы над бюджэтам ЗША і сфэрай падаткаў, а таксама мае права ініцыяваць працэдуру імпічмэнту фэдэральным службовым асобам, уключаючы прэзыдэнта. Цяпер у Палаце засядаюць 435 кангрэсмэнаў, тэрмін кадэнцыі якіх складае два гады. Яны прадстаўляюць 50 штатаў, а таксама Фэдэральную акругу Калюмбія (мае дарадчы голас) і пяць тэрыторый ЗША.