СТВ не пакажа матчу менскага «Дынама» ў Варшаве, на які беларусы зьбіраюцца са сьцягамі

Dynama (Dynamo) Minsk football team, Belarus

Сустрэчы Лігі канфэрэнцый, на якую беларусаў заклікалі прыходзіць з нацыянальнай сымболікай, няма ў праграме тэлеканала СТВ.

У праграме перадач дзяржанага тэлеканала СТВ на 7 лістапада няма матчу асноўнага раўнду Лігі канфэрэнцый паміж «Легіяй» і менскім «Дынама», піша «Наша ніва».

Матч стартуе ў 20:45 па Менску. На гэты час у эфіры СТВ заплянаваны сэрыял «Неўскі. Праверка на трываласьць» і дакумэнтальны праект «Назад у СССР».

Пры гэтым канал СТВ паказваў папярэднія матчы менскага «Дынама» ў асноўным раўндзе Лігі канфэрэнцый з «Хартсам» (1:2) і XIK (0:1). Аднак гульню зь «Легіяй» вырашылі не трансьляваць.

Фанацкая група менскага «Дынама» раней заклікала беларусаў прыйсці на матч у Варшаве са сьцягамі і іншай сымболікай:

«Гэты матч — найлепшая магчымасьць нагадаць сьвету пра тое, што адбываецца з Беларусьсю, у Беларусі. Аб’яўляецца агульны збор на гульню. Купляйце квіткі на стадыён (на любы сэктар, на любыя месцы), бярыце як мага больш сцягоў і атрыбутыкі нашых колераў», — гаварылася ў паведамленьні фанацкага канала «Zrobleny ū Miensku».

На гульню прададалі больш за 22 тысячы білетаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр вядомы беларускі футбаліст і трэнэр Міхаіл Вергеенка