Замежныя лідэры віншуюць Трампа: Зяленскі, Орбан і іншыя

Дональд Трамп пасьля завяршэньня галасаваньня на выбарах прэзыдэнта ЗША

Першымі Дональда Трампа павіншавалі Віктар Орбан і Ўладзімір Зяленскі.

Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан першым павіншаваў Дональда Трампа зь перамогай на выбарах прэзыдэнта ЗША і назваў гэта «самым вялікім вяртаньнем у палітычнай гісторыі ЗША».

«Самае вялікае вяртаньне ў палітычнай гісторыі ЗША! Віншаваньні прэзыдэнту Дональду Трампу зь яго велізарнай перамогай. Вельмі неабходная перамога для сьвету», — напісаў ён на плятформе Х.

Другім Дональда Трампа павіншаваў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Ён згадаў пра сустрэчу, якая адбылася зь ім сёлета ў верасьні ў ЗША, «калі яны дэтальна абмеркавалі стратэгічнае партнэрства паміж Украінай і ЗША, Плян перамогі і шляхі спыненьня расейскай агрэсіі супраць Украіны».

«Я цаню схільнасьць прэзыдэнта Трампа да падыходу „мір праз сілу“ у глябальных справах. Менавіта гэты прынцып можа рэальна наблізіць справядлівы мір ва Ўкраіне. Спадзяюся, што мы разам рэалізуем яго ў жыцьцё», — напісаў Зяленскі на сваёй старонцы на плятформе Х.

Прэзыдэнт Украіны дадаў, што чакае «эпоху моцных Злучаных Штатаў Амэрыкі пад кіраўніцтвам прэзыдэнта Трампа» і разьлічвае «на далейшую магутную двухпартыйную дапамогу Ўкраіне.

Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нетаньягу, як і Віктар Орбан, назваў перамогу Трампа «найвялікшым вяртаньнем у гісторыі».

«Ваша гістарычнае вяртаньне ў Белы дом адкрывае новы пачатак для Амэрыкі і магутную вернасьць вялікаму альянсу паміж Ізраілем і Амэрыкай. Гэта велізарная перамога!», — напісаў Нетаньягу на старонцы ў Х.

«Віншую Дональда Трампа з перамогай. Разам мы сутыкаемся з сур’ёзнымі выклікамі. Сэрбія імкнецца працаваць з ЗША дзеля стабільнасьці, росту і міру», — напісаў прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч.

Дональда Трампа таксама павіншавалі з перамогай прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Аўстрыі Карл Нэгамэр, прэзыдэнт Сальвадора Найіб Букеле, прэзыдэнтка Эўракамісіі Урсуля фон дэр Ляен.