Газэта New York Times параўнала правілы падліку бюлетэняў у розных штатах і прыйшла да высновы, што сама меней у трох штатах зь сямі хісткіх штатаў, якія, як чакаецца, вызначаць пераможцу на прэзыдэнцкіх выбарах працэс падліку галасоў, можа зацягнуцца на некалькі дзён.
Найперш гэта Пэнсыльванія, таму што падлік бюлетэняў, пададзеных па пошце, там пачнецца толькі ў дзень выбараў. Традыцыйна дэмакраты больш актыўна галасуюць такім чынам. У 2020 годзе большасьць тых, хто прагаласаваў на выбарчых участках, склалі рэспубліканцы, таму першыя зьвесткі аб выніках выбараў сьведчылі аб перавазе Дональда Трампа, але ў галасаваньні праз пошту дамінавалі дэмакраты, і Джо Байдэн перамог.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары прэзыдэнта ЗША: Гарыс ці Трамп? Мапа галасаваньняЧатыры гады таму падлік галасоў у гэтым штаце доўжыўся чатыры дні. Чакаецца, што сёлета гэты працэс пройдзе хутчэй.
Выяўленьне пераможцы прэзыдэнцкіх выбараў у Арызоне таксама можа заняць некалькі дзён з прычыны таго, што падлік галасоў, у тым ліку пададзеных па пошце, пачынаецца толькі пасьля закрыцця выбарчых пунктаў. Акрамя таго, у найбуйнейшай акрузе штату Марыкопа ў бюлетэні ўключана так шмат пунктаў для галасаваньня па розных пытаньнях, што мясцовыя афіцыйныя асобы папярэджваюць аб тым, поўныя вынікі галасаваньня могуць быць вядомыя толькі праз 10-13 дзён.
Чакаецца, што падлік галасоў у Нэвадзе можа зацягнуцца на некалькі дзён, бо ў гэтым штаце падлічваюць бюлетэні, якія прыходзяць цягам чатырох дзён пасьля выбараў, калі яны адпраўленыя нават у дзень прэзыдэнцкіх выбараў.
Іншымі словамі, мы можам не даведацца імя пераможцы прэзыдэнцкіх выбараў у найбліжэйшыя гадзіны пасьля завяршэньня галасаваньня, калі, як чакаецца, разрыў паміж Камалай Гарыс і Дональдам Трампам у гэтых штатах будзе мінімальным і зыход выбараў, як гэта здаралася ў мінулым, вызначаць некалькі дзясяткаў ці нават некалькі тысяч выбарнікаў.
Прэзыдэнцкія выбары ў ЗША 2024 году
- За перамогу змагаліся два палітыкі: былы прэзыдэнт, 78-гадовы Дональд Трамп, кандыдат ад Рэспубліканскай партыі, і віцэ-прэзыдэнтка, 60-гадовая Камала Гарыс, кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі. Па выніках выбараў Дональд Трамп забясьпечыў сабе вяртаньне ў Белы дом.
- Дональд Трамп балятаваўся на пасаду трэці раз. У 2020 годзе ён прайграў Джо Байдэну.
- Трамп стаў другім прэзыдэнтам у гісторыі, які выйграў выбары пасьля перапынку ў кадэнцыях. Адзіным прэзыдэнтам, які дасягнуў гэтага, быў Гровэр Кліўлэнд, яшчэ ў канцы XIX стагодзьдзя.
- Камала Гарыс замяніла Джо Байдэна на выбарах ад Дэмакратычнай партыі. Гэта адбылося пасьля ягонага кепскага выступу на дэбатах з Дональдам Трампам, які падкрэсьліў, што ёсьць прычыны для занепакоенасьці ягоным узростам.
- Гарыс падкрэсьлена падтрымлівала права на аборты пасьля рашэньня Вярхоўнага суду ў 2022 годзе, якое спыніла канстытуцыйнае права на аборты. Гарыс назвала Трампа «пагрозай для дэмакратыі», адзначыўшы ягоную ролю ў нападзе 6 студзеня на Капітолій ЗША і яго адмову прызнаць пройгрыш Байдэну ў 2020 годзе.
- Трамп жа заявіў, што на другім магчымым тэрміне ён зробіць больш для паляпшэньня эканомікі, спыніць хвалю мігрантаў і будзе больш жорсткім у адносінах да супернікаў ЗША, такіх як Кітай.
- Гарыс заявіла, што будзе працягваць палітыку Байдэна ў дапамозе Ўкраіне. Трамп паставіў пад сумнеў падтрымку Ўкраіны, заявіўшы, што Эўропа павінна несьці асноўную частку цяжару падтрымкі Кіева ў змаганьні супраць расейскага ўварваньня.
- Свабода аналізавала, чаму вынік выбараў у ЗША залежыць ад «хісткіх штатаў». Усяго такіх штатаў сем: Пэнсыльванія, Мічыган, Вісконсін, Арызона, Нэвада, Джорджыя і Паўночная Караліна. У 38 штатах адна і тая ж партыя атрымлівае большасьць галасоў на кожных прэзыдэнцкіх выбарах з пачатку XXI стагодзьдзя, часта зь вялікай перавагай. Толькі 12 штатаў «зьмянялі перавагі» хаця б раз з 2000 году.
- У некаторых штатах адна партыя дамінуе яшчэ даўжэй, напрыклад у Мінэсоце з 1976 году большасьць галасоў стабільна атрымлівае кандыдат ад дэмакратаў, а ў Тэхасе з 1980 году перамагае рэспубліканец.
- Таксама ў лістападаўскай кампаніі 2024 году перавыбіраецца траціна Сэнату і ўвесь склад Палаты прадстаўнікоў.
- Сэнат зацьвярджае на пасадах прызначэнцаў прэзыдэнта, у тым ліку судзьдзяў усіх узроўняў, і ратыфікуе міжнародныя пагадненьні. Кожны штат прадстаўляюць два сэнатары — усяго іх сто, тэрмін паўнамоцтваў — шэсьць гадоў. Барацьба ідзе за 34 месцы са 100 наяўных.
- Палата прадстаўнікоў традыцыйна адыгрывае ключавую ролю ў працы над бюджэтам ЗША і сфэрай падаткаў, а таксама мае права ініцыяваць працэдуру імпічмэнту фэдэральным службовым асобам, уключаючы прэзыдэнта. Цяпер у Палаце засядаюць 435 кангрэсмэнаў, тэрмін кадэнцыі якіх складае два гады. Яны прадстаўляюць 50 штатаў, а таксама Фэдэральную акругу Калюмбія (мае дарадчы голас) і пяць тэрыторый ЗША.