5 лістапада ФБР заявіла, што выбарчыя ўчасткі ў некалькіх штатах ЗША сталі аб’ектам пагрозаў аб выбухах, многія зь якіх, выглядае, зыходзяць з расейскіх дамэнаў электроннай пошты.
Паводле афіцыйных асобаў, прынамсі два выбарчыя ўчасткі ў штаце Джорджыя былі эвакуаваныя з прычыны пагрозаў выбухаў. Абодва адкрыліся прыкладна праз 30 хвілінаў, і ўлады дамагаюцца судовай пастановы аб падаўжэньні часу галасаваньня, каб кампэнсаваць час, страчаны падчас эвакуацыі.
Дзяржаўны сакратар Джорджыі Брэд Рафэнспергер заявіў, што за пагрозамі аб выбухах стаіць расейскае ўмяшаньне.
«Падобна, яны задумалі нешта нядобрае. Яны ня хочуць, каб мы правялі гладкія, сумленныя і дакладныя выбары, і калі ім удасца прымусіць нас біцца паміж сабой, яны могуць лічыць гэта перамогай», — сказаў Рафэнспергер журналістам.
У сваёй заяве ФБР падкрэсьлівае, што ніводная з пагрозаў не была прызнаная праўдзівай.
Толькі штат Джорджыя атрымаў больш за два дзясяткі фальшывых пагрозаў аб бомбах у дзень выбараў, паведаміў Reuters прадстаўнік ФБР.
Раней прадстаўнікі выведкі і бясьпекі ЗША абвінавацілі Расею і Іран у нарошчваньні кібэратак і кампаній дэзынфармацыі з мэтай пасеяць разлад, калі амэрыканцы адправяцца на выбарчыя ўчасткі 5 лістапада галасаваць на напружаных прэзыдэнцкіх выбарах.
Зьвязаныя з Расеяй суб’екты ўплыву «вырабляюць відэаролікі і ствараюць фэйкавыя артыкулы, каб падарваць легітымнасьць выбараў, пасяліць страх у выбарнікаў адносна выбарчага працэсу і выказаць здагадку, што амэрыканцы ўжываюць гвалт адзін супраць аднаго з прычыны палітычных перавагаў», гаворыцца ў заяве, апублікаванай Упраўленьнем дырэктара нацыянальнай выведкі, ФБР і Агенцтвам кібэрбясьпекі і бясьпекі інфраструктуры ЗША 4 лістапада. «Гэтыя намаганьні могуць справакаваць гвалт, у тым ліку супраць службовых асобаў выбарчых камісій», — дадалі ў паведамленьні.
У асобным прэс-рэлізе ад 5 лістапада ФБР заявіла, што яму стала вядома пра два выпадкі неправамернага выкарыстаньня назвы і лягатыпу ФБР для прасоўваньня ілжывых наратываў, зьвязаных з прэзыдэнцкімі выбарамі. Першы — сфабрыкаваны інфармацыйны ролік, аўтарства якога ілжыва прыпісваецца самому ФБР. У ім утрымліваецца зьвернуты да амэрыканцаў заклік галасаваць дыстанцыйна з прычыны нібыта высокай тэрарыстычнай пагрозы на выбарчых участках.
«Гэтае відэа не зьяўляецца сапраўдным і не адлюстроўвае дакладна бягучую сытуацыю з пагрозай або бясьпекай выбарчых участкаў», — падкрэсьлілі ў ФБР.
Другі выпадак — відэа, якое зьмяшчае сфабрыкаваны прэс-рэліз ФБР, у якім сьцьвярджаецца, што кіраўніцтва пяці турмаў у Пэнсыльваніі, Джорджыі і Арызоне нібыта сфальсыфікавала вынікі галасаваньня зьняволеных і ўступіла ў змову з адной з палітычных партыяў. «Гэта відэа таксама не зьяўляецца сапраўдным, і ягоны зьмест ілжывы», — заявілі ў ФБР.
ФБР не называе, хто менавіта нясе адказнасьць за фабрыкацыю гэтых відэа. Пры гэтым выведвальныя агенцтвы ЗША ўжо некалькі месяцаў папярэджваюць пра спробы паўплываць на вынікі выбараў, якія падтрымлівае ўрад Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары прэзыдэнта ЗША: Гарыс ці Трамп? Мапа галасаваньня5 лістапада — асноўны дзень галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША. Два кандыдаты, якія прэтэндуюць на перамогу, — Дональд Трамп ад Рэспубліканскай партыі і Камала Гарыс ад Дэмакратычнай.
З моманту вылучэньня абодвух кандыдатаў на партыйных зьездах у канцы лета апытаньні паказваюць неадназначную сытуацыю. У апошнія тыдні перад выбарамі рэйтынгі кандыдатаў у ключавых штатах практычна зраўняліся, і часта розьніца паміж імі ляжыць у межах статыстычнай хібнасьці.
Вочнае галасаваньне заканчваецца вечарам 5 лістапада. Праз розныя правілы падліку бюлетэняў і розныя тэрміны прыняцьця бюлетэняў, дасланых праз пошту, у некаторых штатах вынікі могуць быць вядомыя на наступны дзень ці нават пазьней. У выпадку, калі розьніца ў галасах, пададзеных за таго ці іншага кандыдата, як гэта было ў 2020 годзе, нязначная, вынікі выбараў могуць стаць вядомыя празь некалькі дзён.
Прэзыдэнцкія выбары ў ЗША 2024 году
- За перамогу змагаюцца два палітыкі: былы прэзыдэнт, 78-гадовы Дональд Трамп, кандыдат ад Рэспубліканскай партыі, і віцэ-прэзыдэнтка, 60-гадовая Камала Гарыс, кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі.
- Дональд Трамп балятуецца на пасаду трэці раз. У 2020 годзе ён прайграў Джо Байдэну.
- Трамп у выпадку перамогі стане другім прэзыдэнтам у гісторыі, які выйграе выбары пасьля перапынку ў кадэнцыях. Адзіным прэзыдэнтам, які дасягнуў гэтага, быў Гровэр Кліўлэнд, яшчэ ў канцы XIX стагодзьдзя.
- Камала Гарыс замяніла Джо Байдэна на выбарах ад Дэмакратычнай партыі. Гэта адбылося пасьля ягонага кепскага выступу на дэбатах з Дональдам Трампам, які падкрэсьліў, што ёсьць прычыны для занепакоенасьці ягоным узростам. У выпадку выбраньня Гарыс стане першай прэзыдэнткай ЗША і першай асобай паўднёваазіяцкага паходжаньня на гэтай пасадзе.
- Гарыс падкрэсьлена падтрымлівае права на аборты пасьля рашэньня Вярхоўнага суду ў 2022 годзе, якое спыніла канстытуцыйнае права на аборты. Гарыс назвала Трампа «пагрозай для дэмакратыі», адзначыўшы ягоную ролю ў нападзе 6 студзеня на Капітолій ЗША і яго адмову прызнаць пройгрыш Байдэну ў 2020 годзе.
- Трамп жа заявіў, што на другім магчымым тэрміне ён зробіць больш для паляпшэньня эканомікі, спыніць хвалю мігрантаў і будзе больш жорсткім у адносінах да супернікаў ЗША, такіх як Кітай.
- Гарыс заявіла, што будзе працягваць палітыку Байдэна ў дапамозе Ўкраіне. Трамп паставіў пад сумнеў падтрымку Ўкраіны, заявіўшы, што Эўропа павінна несьці асноўную частку цяжару падтрымкі Кіева ў змаганьні супраць расейскага ўварваньня.
- Свабода прааналізавала, чаму вынік выбараў у ЗША будзе залежаць ад «хісткіх штатаў». Усяго такіх штатаў сем: Пэнсыльванія, Мічыган, Вісконсін, Арызона, Нэвада, Джорджыя і Паўночная Караліна. У 38 штатах адна і тая ж партыя атрымлівае большасьць галасоў на кожных прэзыдэнцкіх выбарах з пачатку XXI стагодзьдзя, часта зь вялікай перавагай. Толькі 12 штатаў «зьмянялі перавагі» хаця б раз з 2000 году.
- У некаторых штатах адна партыя дамінуе яшчэ даўжэй, напрыклад у Мінэсоце з 1976 году большасьць галасоў стабільна атрымлівае кандыдат ад дэмакратаў, а ў Тэхасе з 1980 году перамагае рэспубліканец.
- Таксама ў лістападаўскай кампаніі 2024 году перавыбіраецца траціна Сэнату і ўвесь склад Палаты прадстаўнікоў.
- Сэнат зацьвярджае на пасадах прызначэнцаў прэзыдэнта, у тым ліку судзьдзяў усіх узроўняў, і ратыфікуе міжнародныя пагадненьні. Кожны штат прадстаўляюць два сэнатары — усяго іх сто, тэрмін паўнамоцтваў — шэсьць гадоў. Барацьба ідзе за 34 месцы са 100 наяўных.
- Палата прадстаўнікоў традыцыйна адыгрывае ключавую ролю ў працы над бюджэтам ЗША і сфэрай падаткаў, а таксама мае права ініцыяваць працэдуру імпічмэнту фэдэральным службовым асобам, уключаючы прэзыдэнта. Цяпер у Палаце засядаюць 435 кангрэсмэнаў, тэрмін кадэнцыі якіх складае два гады. Яны прадстаўляюць 50 штатаў, а таксама Фэдэральную акругу Калюмбія (мае дарадчы голас) і пяць тэрыторый ЗША.