Агляд прэзэнтавалі 5 лістапада.
З ліпеня па верасень, паводле зьвестак Human Constanta, у Беларусі завялі сама меней 142 крымінальных спраў паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў Крымінальнага кодэксу, вынесьлі сама меней 119 прысудаў. Пры гэтым, як удакладняюць праваабаронцы, гэтая статыстыка ня ўлічвае перасьлед грамадзян па справах, зьвязаных з удзелам у акцыях пратэсту і «абразай службовых асобаў».
Агулам за тры месяцы праваабаронцы Human Constanta зафіксавалі каля 800 выпадкаў парушэньняў правоў чалавека ў сувязі з ужываньнем «антыэкстрэмісцкага» заканадаўства, у тым ліку сама меней 310 прысудаў па адпаведных крымінальных справах і прынамсі 135 затрыманьняў паводле адміністрацыйных абвінавачаньняў.
Праваабаронцы падкрэсьліваюць, што ў названы пэрыяд стала вядома пра першы сьмяротны прысуд у справе аб «экстрэмізьме» і «тэрарызьме»: Менскі абласны суд (судзьдзя Алег Лапека) прызначыў вышэйшую меру пакараньня грамадзяніну Нямеччыны Рыка Крыгеру. Пазьней яго памілавалі і перадалі нямецкім ўладам у рамках абмену зьняволенымі паміж Расеяй і краінамі Захаду. Экспэртка Human Constanta на прэзэнтацыі агляду адзначыла палітызацыю інстытута сьмяротнага пакараньня ў Беларусі.
«З пункту гледжаньня міжнароднага права гэта фэнамэнальны прысуд да найвышэйшай меры пакараньня, бо ніхто не загінуў ад дзеяньняў абвінавачанага. Цяпер разглядаецца шэраг спраў па абвінавачаньні ў тэрарызьме, па якіх падсудным пагражае сьмяротнае пакараньне», — сказала праваабаронца.
У аглядзе зьвяртаецца ўвага на памілаваньне Лукашэнкам 115 палітвязьняў, асуджаных у тым ліку паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў Крымінальнага кодэксу, пераважна жанчын, людзей старэйшага ўзросту і цяжка хворых. Нягледзячы на вызваленьні, улады працягваюць палітыку масавых затрыманьняў і перасьлед нелаяльных грамадзян, гаворыцца ў аглядзе.
«За справаздачны перыяд ужо было затрымана больш людзей, чым колькасьць памілаваных», — адзначыла экспэртка.
У аглядзе адзначаецца, што ў аналізаваны пэрыяд «прайшлі чарговыя завочныя «канвэерныя» судовыя разборы ў дачыненьні да актывістаў і лідэраў апазыцыі, якія знаходзяцца за мяжой, у рамках абвінавачаньняў у «змове». Сярод іншага, 1 ліпеня Менскі абласны суд асудзіў фігурантаў так званай «справы аналітыкаў Ціханоўскай» да працяглых тэрмінаў пазбаўленьня волі — ад 10 да 11,5 года зьняволеньня. Працэс праходзіў завочна, бо 20 абвінавачаных знаходзяцца за мяжой.
Павялічваецца колькасьць затрыманьняў «меркаваных адміністратараў незалежных грамадзка-палітычных тэлеграм-каналаў», працягваюцца масавыя рэпрэсіі за сувязь з адукацыйнымі ініцыятывамі, прызнанымі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі», адзначаецца ў дакумэнце.
За ліпень — верасень праваабаронцам стала вядома, што ўлады заблякавалі больш за 5000 рэсурсаў незалежных СМІ, недзяржаўных арганізацыяў і апазыцыйных рухаў.
«Пракурорскія работнікі павялічваюць колькасьць прапагандысцкіх мерапрыемстваў у навучальных установах і дзяржаўных прадпрыемствах, падчас якіх людзям расказваюць пра справу аб генацыдзе беларускага народа і запалохваюць адказнасьцю за „экстрэмісцкія“ злачынствы і правапарушэньні», — гаворыцца ў аглядзе.
Паводле зьвестак «Вясны», зь лета 2020 году праваабарончая супольнасьця прызнала палітвязьнямі амаль 3600 чалавек, зь іх 656 жанчын. На канец кастрычніка 2024 году ў Беларусі ў месцах зьняволеньня ўтрымлівалі 1 299 палітвязьняў, зь іх 168 жанчын (рэальная колькасьць людзей, зьняволеных паводле палітычных матываў, можа быць большай). Праваабаронцам вядома пра 31 палітвязьня ў крытычным стане здароўя, не сумяшчальным з утрыманьнем ва ўмовах пазбаўленьня волі. Больш за 40 палітвязьняў — людзі сталага ўзросту.
Толькі за кастрычніка «Вясна» атрымала інфармацыю пра прынамсі 366 выпадкаў палітычна матываваных рэпрэсіяў, якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага перасьледу, зь іх — ня менш за 246 адміністрацыйных спраў, разгледжаных судамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі ў Беларусі пяць сьвятароў, яшчэ 11 сёлета судзілі ў адміністрацыйных справахДэ-юрэ ліквідаваная ўладамі праваабарончая арганізацыя Human Constanta працягвае займацца правамі чалавека па трох асноўных кірунках: абарона правоў замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, барацьба з дыскрымінацыяй і адукацыя ў галіне правоў чалавека, лічбавая свабода.
Праваабаронцы прасоўваюць грамадзкія інтарэсы і сумесныя дзеяньні ў адказ на сучасныя выклікі ў сфэры правоў чалавека. Таксама яны супрацьдзейнічаюць мове варожасьці ў СМІ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былыя палітвязьні, актывісты, сваякі ўцекачоў. Да каго прыходзяць з арыштамі сілавікі перад выбарамі