У Грузіі суд ануляваў вынікі парлямэнцкіх выбараў на 30 выбарчых участках

Ілюстрацыйнае фота. Людзі аддаюць свае бюлетэні на выбарчым участку падчас парлямэнцкіх выбараў у Тбілісі, Грузія, 26 кастрычніка 2024 году

У Грузіі суд пастанавіў ануляваць вынікі парлямэнцкіх выбараў на 30 выбарчых участках у Цетрыцкарайскім і Цалскім раёнах, паведамляе грузінская служба Радыё Свабода «Эхо Кавказа».

Судзьдзя прыняў такое рашэньне пасьля правядзеньня сьледчага экспэрымэнту, які прадэманстраваў, што падчас выбараў была парушаная таямніца галасаваньня. У прыватнасьці, прысутныя ў залі суду пераканаліся, што зробленая спэцыяльным маркерам пазнака на выбарчым бюлетэні бачная са зваротнага боку дакумэнта, а таму людзі, якія стаялі побач з электроннай скрыняй для галасаваньня, маглі бачыць, за каго прагаласаваў выбарнік.

Пазоў у суд падала Асацыяцыя маладых юрыстаў Грузіі (АМЮГ), якая мае намер дабіцца адмены вынікаў выбараў на ўсіх участках, дзе выкарыстоўваліся электронныя скрыні, а гэта амаль 90% галасоў выбарнікаў. АМЮГ адзначыла, што гэтае рашэньне «стварае новы прэцэдэнт» у пытаньні абароны права выбарніка на таямніцу галасаваньня.

ЦВК Грузіі мае права абскардзіць гэтае рашэньне суду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грузіі расьсьледуюць 47 спраў аб парушэньнях на выбарах. Арыштавалі двух чыноўнікаў за ўкіданьне бюлетэняў

Раней стала вядома, што пракуратура Грузіі, Спэцыяльная сьледчая служба і МУС расьсьледуюць 47 крымінальных спраў па фактах «імаверных злачынстваў, учыненых у перадвыбарчы пэрыяд і ў дзень выбараў». Адзначалася, што ўжо затрымалі двух чалавек па факце фальсыфікацыі на выбарчым участку № 69 у Марнэульскім муніцыпалітэце. Грузінскія СМІ пісалі, што адзін з затрыманых — Раўшан Іскандараў, які прадстаўляе ў Марнэульскім муніцыпалітэце кіроўную партыю «Грузінская мара».

На сёньня ў гарадзкіх і раённых судах Грузіі разглядаюць больш за 1,3 тысячы скаргаў апазыцыйных партыяў і няўрадавых арганізацыяў на розныя парушэньні на выбарах.

Парлямэнцкія выбары ў Грузіі прайшлі 26 кастрычніка. Перамогу на іх, паводле зьвестак ЦВК, атрымала прарасейская партыя ўлады «Грузінская мара», якая набрала 53,92% галасоў. Бар’ер у пяць працэнтаў пераадолелі чатыры апазыцыйныя сілы: «Кааліцыя за перамены», у якой 11,04%, партыя «Адзінства — Нацыянальны рух» (10,16%), «Моцная Грузія» (8,8%) і «Гахарыя за Грузію» (7,8%). Усе чатыры партыі, а таксама прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі адмовіліся прызнаць вынікі выбараў. Пасьля выбараў у Грузіі пачаліся масавыя пратэсты супраць іх вынікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грузінская апазыцыя абвясьціла пра пачатак штодзённых пратэстаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Грузія рухаецца ў беларускім кірунку, а Беларусь можа раней за яе далучыцца да Эўразьвязу», — брытанскі аналітык Эдвард Лукас