Сейм Літвы падтрымаў ініцыятыву ўраду і ўхваліў у першым чытаньні дэнансацыю пагадненьня зь Беларусьсю аб супрацоўніцтве ў барацьбе з парушэньнямі мытнага заканадаўства.
Як адзначаецца на сайце літоўскага парлямэнту, пагадненьне вырашылі дэнансаваць з прычыны адсутнасьці супрацоўніцтва ў мытных справах пасьля падтрыманага Беларусьсю расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну.
У той жа час асобы і прадпрыемствы, якія ажыцьцяўляюць гандаль з Рэспублікай Беларусь, павінны падаваць мытным органам і судам Літоўскай Рэспублікі ў адміністрацыйных справах дакумэнты, выдадзеныя ім беларускімі мытнымі службамі, якія пацьвярджаюць належнае выкананьне мытных патрабаваньняў, умоў санкцый, а таксама парадак і законнасьць гандлю.
Міністар фінансаў Літвы Гінтарэ Скайсьце адзначыла, што цяпер двухбаковыя пагадненьні зь Беларусьсю выкарыстоўваюцца абмежавана, бо на практыцы трансьмежнае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва зь Беларусьсю цалкам спыненае і немагчымае.
Адпаведны законапраект падтрымалі 93 дэпутаты, а 3 парлямэнтары ўстрымаліся. Каб дакумэнт ухваліць канчаткова, Сейм павінен прагаласаваць яшчэ адзін раз.
У пачатку кастрычніка Сейм Літвы дэнансаваў тры эканамічныя пагадненьні з Расеяй і Беларусьсю, у тым ліку аб заахвочваньні і ўзаемнай абароне інвэстыцый і пазьбяганьні двайнога падаткаабкладаньня даходаў і капіталу, а таксама і падатковых парушэньняў.
Літва падпісала дамову зь Беларусьсю аб супрацы ў барацьбе з парушэньнямі мытнага заканадаўства ў ліпені 1996 году ў Вільні.