Паводле зьвестак тэлеканалу, адзін з падазраваных у справе — Эліезэр Фэльдштэйн, які доўгі час працаваў у прэсавай службе Арміі абароны Ізраілю. У сьнежні 2022 году Фэльдштэйн стаў памочнікам Нэтаньягу ў працы з вайсковымі карэспандэнтамі.
Як адзначае Reuters, падазраваныя «зьлілі» сакрэтную інфармацыю газэце The Jewish Chronicle і нямецкаму часопісу Bild. Абедзьве газэты ў верасьні са спасылкай на крыніцы ў выведных службах Ізраілю апублікавалі матэрыялы, дзе расказвалася аб намеры групоўкі ХАМАС таемна перавезьці ізраільскіх закладнікаў з Газы.
У публікацыях таксама гаварылася, што палестынцы хочуць раскалоць ізраільскае грамадзтва, абвінаваціўшы прэм’ер-міністра і яго прыхільнікаў у зрыве мірных перамоваў і працэсу вызваленьня закладнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны крымінальны суд разгледзіць запыт аб арышце прэм’ера і міністра абароны Ізраілю і трох лідэраў ХАМАСReuters зьвяртае ўвагу на тое, што тэзісы ў апублікаваных матэрыялах нагадваюць выказваньні Нэтаньягу на прэсавай канфэрэнцыі 2 верасьня, празь некалькі дзён пасьля таго, як у тунэлі ў Газе знайшлі целы шасьцярых забітых закладнікаў. На прэсавай канфэрэнцыі прэм’ер-міністар таксама згадаў пра знойдзены дакумэнт ХАМАС аб пляне перавозу закладнікаў у Эгіпэт і аб ціску на ізраільскае грамадзтва.
Лідэр парлямэнцкай апазыцыі Ізраілю Яір Лапід заявіў, што дакумэнт, які быў знойдзены ў тунэлях Газы, аказаўся падробленым. Лапід таксама адзначыў, што офіс Нэтаньягу перадаў інфармацыю ў СМІ для зрыву магчымасьці дамовы аб закладніках і для фармаваньня грамадзкай думкі супраць сем’яў захопленых ХАМАС ізраільцянаў.
Кабінэт Нэтаньягу дачыненьне да «зьліву» інфармацыі журналістам абвяргае. Сам прэм’ер сказаў, што даведаўся пра выцек зьвестак з публікацый у СМІ.