Цяпер у дакумэнце, які знаходзіцца на сайце Міністэрства ўнутраных спраў, 4618 пазыцыяў, піша інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
Сярод унесеных у сьпіс — 9 палітвязьняў: Уладзімер Парашкоў, Ірына Такарчук (маці былой палітзьняволенай Вольгі Такарчук), Анатоль Чурыкаў, Ільля Лукашэнка, Аляксандар Рудкоўскі, Сяргей Скробат, Аляксандар Малькоў, Юры Гусейнаў, Ігар Шыманчык.
Уключаны ў сьпіс экстрэмістаў Аскер Алахвердзіеў прымусова лечыцца ў псыхіятрычным стацыянары з узмоцненым назіраньнем, праваабаронца Алена Масьлюкова знаходзіцца за мяжой. Масьлюкову асудзілі завочна на 3 гады пазбаўленьня волі паводле ч. 1 і 2 ст. 361-4 КК («Іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці; тое ж дзеяньне, учыненае паўторна»). У дачыненьні да яе крымінальная справа разглядалася ў рамках спэцвядзеньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вынесьлі прысуды па завочнай крымінальнай справе: Вераніцы Цапкале, Вользе Карач і іншым — па 12 гадоў зьняволеньняТаксама да экстрэмістаў прылічылі палітыкаў Вераніку Цапкалу, Анатоля Котава, Яўгена Вільскага, актывістку Вольгу Карач, архітэктара Вадзіма Дзьмітранка, асуджаных завочна ў ліпені 2024-га на 12 гадоў пазбаўленьня волі.
Усе фігуранты прызнаныя вінаватымі паводле арт. 357 («Змова або іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады») і 361-1 («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім») Крымінальнага кодэксу.
У астатніх сямі ўключаных у сьпіс «экстрэмістаў» судзімасьць не пагашаная. Гэта Натальля Варабей, Вольга Фралова, Валянціна Крыштапенка, Аляксандар Мартысевіч, Кірыл Казлоўскі, Вікторыя Пашкевіч, Аляксей Гайдашоў.
Фінансавыя апэрацыі асоб, уключаных у «сьпіс экстрэмістаў», кантралююцца «з мэтай прадухіленьня легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансаваньня экстрэмісцкай дзейнасьці».