Гэты дакумэнт, які раней не публікаваўся, дазваляе зразумець, чаго менавіта Расея дамагалася ў першыя тыдні вайны, якой яна бачыла будучыню Ўкраіны ў выпадку яе капітуляцыі — і чаму гэтыя ўмовы былі невыканальныя.
«Праўда на баку Расеі, усе намечаныя мэты будуць дасягнутыя!», «Спэцыяльная ваенная апэрацыя завершыцца, як толькі пастаўленыя Расеяй мэты будуць дасягнутыя», — такімі словамі Ўладзімір Пуцін і высокапастаўленыя расейскія чыноўнікі пацьвярджаюць сваю прыхільнасьць мэтам уварваньня ва Ўкраіну, якое яны называюць «спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй». Апошні раз пра гатовасьць да дасягненьня «мэтаў СВА» Пуцін публічна казаў 30 верасьня 2024 году, у гадавіну анэксіі чатырох абласьцей Украіны.
З пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну прайшло трыццаць два месяцы, а «мэты СВА» так і застаюцца рытарычнай формулай, якая паўтараецца расейскімі ўладамі. Падрабязнасьцяў пра тое, у чым менавіта палягаюць гэтыя мэты, дагэтуль ніхто не прадставіў.
«Система» вывучыла дакумэнт, які пралівае сьвятло на першапачатковыя мэты ўварваньня. Гэта сьпіс умоваў для спыненьня агню і заключэньня міру, які расейскі бок перадаў украінскім дэлегатам падчас трэцяга раўнду перамоваў у Беларусі 7 сакавіка 2022 году. Гэта самы раньні зь вядомых цяпер дакумэнтаў, у якім пісьмова выкладзеныя патрабаваньні Расеі да Ўкраіны.
Дакумэнт перадала «Системе» ўкраінская крыніца, знаёмая з хадой перамоваў; яго сапраўднасьць пацьвердзіла крыніца з расейскага боку (абедзьве яны папрасілі аб ананімнасьці).
Нэўтралізацыя замест нэўтралітэту. Што менавіта зьмяшчаецца ў праекце дамовы
Першая сустрэча расейскіх і ўкраінскіх перамоўнікаў адбылася ўсяго празь некалькі дзён пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня. Украінская дэлегацыя на чале зь лідэрам фракцыі «Слуга народу» ў Вярхоўнай Радзе Давідам Арахамія прыехала ў Польшчу, а адтуль пераляцела верталётам у рэзыдэнцыю Аляксандра Лукашэнкі «Ляскавічы» недалёка ад польска-беларускай мяжы. Там украінскія перамоўнікі сустрэліся з расейскімі дэлегатамі на чале з памочнікам Пуціна Ўладзімірам Мядзінскім.
Спачатку дэлегацыі абменьваліся ідэямі і прапановамі, збольшага вусна. Да 7 сакавіка, трэцяга раўнду перамоваў, пачалося абмеркаваньне канкрэтных дакумэнтаў. Адным зь іх і стаў праект «Дамовы аб нэўтралітэце Ўкраіны», напісаны ў Маскве і прывезены на перамовы ў Беларусь групай Мядзінскага.
Да таго часу Расея ўжо больш за паўтара тыдня вяла актыўныя баявыя дзеяньні ва Ўкраіне. Расейскія войскі стаялі пад Кіевам, вялі разбуральныя баі за Марыюпаль, акупавалі часткі Харкаўскай, Херсонскай, Мікалаеўскай, Чарнігаўскай і Сумскай абласьцей. Аднак марш-кідка і заплянаванага «Кіева за тры дні» не атрымалася, і ўкраінскія вайскоўцы давалі жорсткі адпор.
Праект дакумэнта, які ёсьць у «Системы», датаваны 7 сакавіка 2022 году. Першыя прапановы прадставіла менавіта Расея, і на аснове гэтага праекту вялася далейшая праца.
У дакумэнце 6 старонак асноўнай дамовы і 4 старонкі дадаткаў. 18 артыкулаў ахопліваюць самыя розныя сфэры: парамэтры нэўтралітэту Ўкраіны (ваенныя і міжнародныя абавязаньні), пытаньні межаў, гуманітарныя пытаньні (мова, рэлігія, гісторыя), а таксама зьняцьце санкцый з Расеі.
Дакумэнт быў складзены задоўга да анэксіі Расеяй чатырох украінскіх рэгіёнаў у верасьні 2022 году, і ў ім, адпаведна, ня згадваюцца Херсонская і Запароская вобласьці, але ёсьць даўно і публічна агучаныя патрабаваньні РФ, каб Украіна цалкам адмовілася ад Крыму, Севастопалю, Данецкай і Луганскай вобласьцяў.
У першай вэрсіі сваёй «мірнай дамовы» Расея таксама настойвала на амаль поўным раззбраеньні Ўкраіны пад сваім неабмежаваным кантролем, на ізаляцыі краіны ад дапамогі Захаду і на разьмяшчэньні расейскіх войскаў на тэрыторыях, занятых у першыя тыдні ўварваньня, для доўгатэрміновага кантролю над імі.
Некаторыя з гэтых парамэтраў не мяняліся на працягу ўсяго перамоўнага працэсу.
Так, на пачатку сакавіка ўкраінскія дэлегаты папярэдне пагадзіліся на, здавалася б, галоўнае патрабаваньне Расеі: стаць «стала нэўтральнай дзяржавай», якая ніколі ня ўступіць у NATO і не дазволіць замежным войскам базавацца на сваёй тэрыторыі. На працягу ўсяго перамоўнага працэсу ў 2022 годзе аж да яго замарозкі ў красавіку гэты пункт заставаўся нязьменным і не аспрэчваўся ніводным з бакоў перамоваў.
Але д’ябал хаваецца ў дэталях: жаданьні Масквы пераўзыходзілі тое, на што магла б пагадзіцца любая незалежная, хай і максымальна нэўтральная дзяржава.
Расея першапачаткова патрабавала скараціць да мінімуму ўсю ўкраінскую армію — а дакладней, да 50 тысячаў чалавек, у тым ліку да 1,5 тысячы афіцэрскага складу (гэта ў пяць разоў менш, чым Украіна мела да 2022 году). Калі б гэта было выканана, ва Ўкраіны засталося б усяго чатыры караблі, 55 верталётаў і 300 танкаў. Па стане на 2022 год гэта было б менш за армію Беларусі.
Украіне прапаноўвалася «не распрацоўваць, не вырабляць, не набываць і не разьмяшчаць на сваёй тэрыторыі ракетныя ўзбраеньні любых відаў базаваньня з далёкасьцю больш за 250 км». Расея пакідала за сабой права ў будучыні забараняць Украіне «любыя іншыя віды ўзбраеньня, якія могуць быць распрацаваныя ў выніку навуковых пошукаў».
Ва ўяўленьнях Расеі Ўкраіна павінна была «прызнаць незалежнасьць» так званых Данецкай і Луганскай «рэспублік» — прычым у межах адміністрацыйных вобласьцяў Украіны (па стане на 24 лютага 2022 году Расея кантралявала толькі частку гэтых вобласьцяў; да канца 2024 году ў яе ўсё яшчэ няма поўнага кантролю над гэтымі тэрыторыямі). Аўтары расейскага дакумэнту лічылі, што менавіта Ўкраіна павінна ўзяць на сябе выдаткі па аднаўленьні інфраструктуры Данбасу, разбуранай з 2014 году.
Расея таксама патрабавала адмены ўсіх санкцыяў — як украінскіх, так і міжнародных — і адкліканьня ўсіх міжнародных пазоваў, пададзеных з 2014 году. На дадатак да гэтага Расея настойвала на прысваеньні расейскай мове статусу дзяржаўнай і аднаўленьні ўсіх маёмасных правоў Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату.
Нарэшце, аўтары праекту патрабавалі «адмяніць і больш ня ўводзіць любыя забароны сымболікі, якая асацыюецца ў дзяржавах зь перамогай над нацызмам», гэта значыць фактычна зноў легалізаваць ва Ўкраіне савецкія і камуністычныя сымбалі. Да дакумэнту прыкладзены пералік украінскіх законаў, якія аўтары назвалі прыкладамі «нацыфікацыі і гераізацыі нацызму». Характэрна, што пад гэтую катэгорыю трапілі законы «Аб увекавечваньні перамогі над нацызмам» і «Аб рэабілітацыі ахвяр рэпрэсіяў камуністычнага таталітарнага рэжыму».
Што Ўкраіна атрымлівала б у адказ
Па сутнасьці, гэтым дакумэнтам Расея прапаноўвала Ўкраіне толькі «рэжым спыненьня агню» і «мерапрыемствы па спыненьні баявых дзеяньняў». Ні пра які адвод расейскіх войскаў з тэрыторыі Ўкраіны гаворкі не ішло: Расея брала на сябе абавязаньне толькі не пашыраць ужо кантраляваную на той момант тэрыторыю.
Украіне ў гэты ж час прапаноўвалася адвесьці ўсе свае войскі на пункты сталай дысьлякацыі, а замежным партнэрам — неадкладна спыніць любую дапамогу і адклікаць з Украіны ўсіх супрацоўнікаў, якія маюць дачыненьне да вайсковых фармаваньняў, у тым ліку вайсковых дарадцаў.
Расейскія войскі, а таксама сілы нацыянальнай гвардыі, паводле пляну аўтараў прапаноў, павінны былі застацца на сваіх месцах аж да выкананьня Расеяй і Ўкраінай «усіх абавязаньняў па гэтай дамове». Паколькі гэтыя абавязаньні ўключалі маштабныя зьмены ў заканадаўстве, раззбраеньне і прыняцьцё міжнародных гарантыяў, расейскае войска ў выпадку заключэньня такога пагадненьня магло б стаяць пад Кіевам гадамі. Кантроль над разьвядзеньнем войскаў Расея таксама прапаноўвала ўзяць на сябе, дапускаючы ўдзел Украіны і, пры неабходнасьці, генэральнага сакратара ААН.
«Варта адрозьніваць публічныя заявы Пуціна пра мэты ўварваньня — і яго рэальныя намеры, якія робяцца больш яснымі зь цягам часу», — адзначыў у размове з выданьнем «Система» вядучы экспэрт цэнтру Карнегі Эрык Чарамэла.
Напрыклад, тлумачыць Чарамэла, тэрмін «дэнацыфікацыя» мог выкарыстоўвацца Пуціным як зручны слоган, зразумелы і заходняй, і расейскай аўдыторыі. Аднак, паводле слоў экспэрта, за гэтым тэрмінам Пуцін хаваў іншы намер: гвалтоўнае зрынаньне дэмакратычна абранага ўкраінскага кіраўніцтва, яго замену на прарасейскую адміністрацыю, акупацыю Кіева і буйных гарадоў Украіны, стварэньне фільтрацыйных лягераў для патрыятычных і праўкраінскіх актывістаў і палітычнага кіраўніцтва.
Тое ж самае з заявамі пра неабходнасьць «нэўтралітэту» Ўкраіны, тлумачыць Чарамэла: «Нехта, пачуўшы словы пра нэўтралітэт, можа падумаць: „А што ў гэтым дрэннага? Пуцін проста ня хоча бачыць Украіну ў NATO“. Але, на мой погляд, насамрэч ён казаў пра нешта больш радыкальнае — не пра нэўтралітэт, а пра нэўтралізацыю Ўкраіны як самастойнай дзяржавы, у тым, каб зьнішчыць здольнасьць Украіны да самаабароны».
Такая трактоўка мэтаў Пуціна пацьвярджаецца і ранейшымі дакумэнтамі з расейскімі прапановамі, дзе, напрыклад, патрабавалася скараціць украінскія ўзброеныя сілы да 50 тысяч чалавек. «У гэтай парадыгме ва Ўкраіны папросту не заставалася б магчымасьці абараніць сябе», — камэнтуе сутнасьць расейскай вэрсіі «дамовы аб нэўтралітэце» Чарамэла.
У гэтым ранейшым тэксьце Расея дэ-факта прапаноўвала ўмовы капітуляцыі Ўкраіны, заключае Чарамэла і працягвае: «Дакумэнт быў структураваны так, быццам Украіна была агрэсарам, пераможаным на полі бою, — што, вядома, не адпавядала рэчаіснасьці. Цяжка сказаць, ці была гэта спроба весьці перамовы добрасумленна, бо такія ўмовы былі б непрымальныя для любога ўкраінца».
Як мяняліся дамоўленасьці
Усе апісаныя вышэй патрабаваньні — гэта стартавыя перамоўныя пазыцыі, зь якіх расейская дэлегацыя пачала перамоўны працэс працягласьцю ў некалькі тыдняў.
Спачатку перамовы былі інтэнсіўныя: пасьля першых сустрэчаў у Беларусі на пачатку сакавіка 2022 году дэлегацыі часта камунікавалі праз тэлефон і абменьваліся прапановамі.
«Па паводзінах расейскай дэлегацыі было прыкметна, што Пуцін асабіста трымае руку на працэсе, — расказвае знаёмая з гісторыяй перамоваў крыніца „Системы“ сярод украінскіх палітыкаў. — Часам, калі ўкраінская дэлегацыя прапаноўвала нешта, Мядзінскі ўставаў і сыходзіў тэлефанаваць — відавочна, у Маскву». Суразмоўцы «Системы» як у Маскве, гэтак і ў Кіеве сыходзяцца на тым, што ўсё выглядала так, быццам Пуцін сапраўды быў зацікаўлены падпісаць нейкую дамову.
Калі параўнаць расейскія прапановы ад 7 сакавіка 2022 году з апошняй існуючай вэрсіяй дамовы ад 15 красавіка таго ж году, заўважна, наколькі зьнізіліся першапачатковыя патрабаваньні Расеі і наколькі ўкраінская дэлегацыя здолела зьмяніць фармулёўкі і зрушыць многія прынцыповыя пытаньні. «Украінскія перамоўнікі здолелі прыбраць некаторыя з найбольш абразьлівых пунктаў і ўключыць важныя для Ўкраіны элемэнты, такія як неабходнасьць гарантыяў бясьпекі», — адзначае Чарамэла, які вывучыў некалькі вэрсіяў дамовы, якія абмяркоўваліся ў розны час.
Самая галоўная зьмена тычылася апісаньня мэханізму гарантый бясьпекі нэўтральнай Украіне ад краінаў-удзельніц дамовы (у лік якіх прапаноўвалася ўключыць Вялікую Брытанію, Кітай, Расею, ЗША і Францыю; Расея прапаноўвала ўдзел яшчэ і Беларусі, Украіна — Турэччыны). Гэты артыкул складалі на ўзор пятага артыкула аб калектыўнай абароне Паўночнаатлянтычнай дамовы: калі б у будучыні на Ўкраіну зноў напалі, іншыя краіны абавязаліся б абараняць яе вайсковымі сіламі. «Гэта ў сваім родзе ўнікальны контур бясьпекі», — камэнтуе дасягненьні ў перамовах адзін з удзельнікаў працэсу з украінскага боку.
Другі важны пункт тычыўся пытаньняў тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны і міжнароднага прызнаньня межаў. У сакавіку 2022 году прапановы расейскай дэлегацыі гучалі так: ёсьць Крым і Севастопаль у складзе Расеі, ёсьць асобныя Данецкая і Луганская «рэспублікі», а ёсьць астатняя частка Ўкраіны, якая павінная раззброіцца і перапісаць свае законы.
Да красавіка бакі ўзгаднілі іншую канцэпцыю: Украіна застаецца ў сваіх міжнародна прызнаных межах, у тым ліку Крым, Севастопаль і нейкія неўдакладненыя тэрыторыі, на якія не распаўсюджваюцца гарантыі бясьпекі. У прынятым у канцы сакавіка ў Стамбуле камюніке ўказвалася, што статус Крыму і Севастопалю будзе вырашацца дыпляматычна. Гэтае становішча дзівіць, пісаў у 2024 годзе часопіс Foreign Affairs: на працягу многіх гадоў Расея публічна настойвала на тым, што Крым і Севастопаль — безумоўна расейскія рэгіёны, а цяпер нібы «маўкліва прызнавала, што гэта ня так».
Усе пункты, якія тычацца статусу мовы, моўных квотаў і зьмены гістарычных канцэпцыяў, украінская дэлегацыя проста адмовілася абмяркоўваць.
Паводле апошняй вэрсіі дамовы, украінская і расейская дэлегацыі ўсё яшчэ разыходзіліся ў меркаваньнях наконт колькасьці ўкраінскага войска. Украіна настойвала на 250 тысячах вайскоўцаў (прыкладна столькі і было да поўнамаштабнага ўварваньня), тады як Расея прапаноўвала абмежавацца 85 тысячамі.
На перамовах часам выстаўляліся заведама невыканальныя ўмовы. Адзін раз расейцы спрабавалі ўключыць у праект дамовы патрабаваньне, каб Украіна аднавіла пастаўкі вады ў Крым (украінскія ўлады перакрылі Паўночна-Крымскі канал яшчэ ў 2014 годзе), расказвае знаёмая з ходам перамоваў крыніца «Системы».
Ад гэтай ідэі адмовіліся самі расейскія перамоўнікі: бо ў такім выпадку Расея, якая кантралявала тэрыторыю вакол каналу, павінна была б пакінуць яе, каб Украіна магла «вярнуць ваду ў Крым».
Расейцы патрабавалі, каб украінскія войскі склалі зброю і вярнуліся ў казармы. У адказ украінскі бок вылучыў сымэтрычнае патрабаваньне: расейскія войскі павінны скласьці зброю і вярнуцца ў пункты сталай дысьлякацыі. Мядзінскі, які прачытаў гэтую прапанову, быў зьдзіўлены, расказвае адзін з удзельнікаў перамоваў: «Ён сказаў, такое адчуваньне, быццам гэта ўкраінскія войскі стаяць на Краснай плошчы, а расейскія павінныя выкінуць белы сьцяг з Крамля. Яму адказалі: «Мы проста просім ад вас таго ж, чаго просіце ад нас вы». Бакі так і не прыйшлі да нейкай адзінай думкі аб парадку адводу войскаў.
Ці былі бакі блізкія да заключэньня дамовы — і чаму гэтага не адбылося
Крыніцы «Системы», знаёмыя з пазыцыямі як украінскай, так і расейскай дэлегацый, сыходзяцца ў тым, што Расея і Ўкраіна былі хутчэй далёкія ад нейкай дамовы, хоць бакі і зрабілі велізарную працу і абмалявалі парамэтры гэтай магчымай дамовы.
Апошні вядомы варыянт дамовы ад 15 красавіка 2022 году ствараў уражаньне, што бакам заставалася ўзгадніць толькі нязначныя фармулёўкі. Аднак менавіта гэтыя дэталі аказаліся самымі складанымі — і на тым этапе невырашальнымі.
Для ўкраінскай дэлегацыі прынцыповым момантам было тое, хто ж менавіта і ў якім парадку стане аказваць вайсковую дапамогу, калі ў будучыні ўзьнікне новая пагроза бясьпецы Ўкраіны. Фармулёўка, прапанаваная Ўкраінай, азначала, што дзяржавы-падпісанты дамовы змогуць рабіць гэта як калектыўна, так і паасобку.
Расея настойвала на іншай фармулёўцы: згодна з гэтай прапановай, рашэньне аб абароне Ўкраіны павінна было быць толькі калектыўным. Гэта значыць, сама Расея, падпісаўшыся пад дамовай, магла б у тэорыі накласьці вэта на рашэньне аб абароне Ўкраіны ад уласнага нападу.
Украінскую дэлегацыю такі плян не задавальняў, і, па словах аднаго з суразмоўцаў «Системы», увечары 14 красавіка ўкраінскія перамоўнікі апавясьцілі расейскіх калегаў, што прынцыпова ня прымуць гэтую прапанову Расеі. Адказ з расейскага боку невядомы: гэта быў апошні праект дакумэнту, якім абмяняліся бакі.
Суразмоўца «Системы», знаёмы з працай расейскай дэлегацыі, запэўнівае, што самым невырашальным пытаньнем, якое робіць гэты праект дамовы бясконца далёкім ад падпісаньня, было пытаньне тэрыторый і таго, на якія землі будуць распаўсюджвацца гарантыі бясьпекі.
Расейская дэлегацыя прапісала ў дамове, што намалюе мапу, на якой будуць адлюстраваныя межы тых тэрыторыяў, якія паводле дамовы змогуць абараняць гаранты.
«Магчыма, Пуціна б задаволіла разьмежаваньне са стварэньнем нейкага „поясу“ ад Данбасу да Крыму», — мяркуе блізкі да Крамля суразмоўца «Системы». Гэтай магчымай мапы так ніхто і ня бачыў, і невядома, ці намалявалі яе ў 2022 годзе ў Маскве наогул.
«Дзіўна, што ўкраінскі бок вырашыў весьці перамовы на аснове расейскага тэксту, улічваючы, наколькі ён быў недасканалы з самага пачатку — хоць у іх, магчыма, не было асаблівага выбару, улічваючы расейскі наступ, які працягваўся, — ацэньвае ўсе гэтыя дакумэнты ў цэлым Чарамэла. — Вэрсіі, якія абмяркоўваліся празь некалькі тыдняў у Стамбуле і на віртуальных сэсіях, па-ранейшаму грунтаваліся на глыбока памылковай расейскай лёгіцы».
Апошняя вэрсія дамовы з прапановамі бакоў датаваная 15 красавіка 2022 году. Пасьля гэтага ўсе перамовы па хоць якім-небудзь мірным палітычным пагадненьні спыніліся, а расейскія і ўкраінскія чыноўнікі, паводле афіцыйных заяваў, кантактавалі выключна па пытаньнях абмену палоннымі, вяртаньня дзяцей і збожжавай угоды. Непублічна, паводле выданьня Financial Times, Расея і Ўкраіна цяпер вядуць перамовы пра тое, каб спыніць узаемныя ўдары па электраэнэргетыцы.
За два з паловай гады, якія прайшлі з тых перамоваў, сытуацыя на полі бою неаднаразова мянялася як на карысьць Украіны, так і на карысьць Расеі. У канцы 2022 году ўкраінскім войскам удалося вызваліць частку населеных пунктаў на Харкаўшчыне і Херсоншчыне. Расея прасунулася на данецкім напрамку. У жніўні 2024 году ўкраінскія вайскоўцы занялі некалькі дзясяткаў населеных пунктаў у расейскай Курскай вобласьці. Адначасова расейскія войскі актывізавалі наступ на Данбасе, за кастрычнік заняўшы некалькі сотняў квадратных кілямэтраў.
Пакуль ніводзін з бакоў ня мае вырашальнай перавагі, каб патрабаваць капітуляцыі, і прыкмет гатовасьці да перамоваў таксама няма.
Чаго ж Пуцін хоча цяпер
«Мэтаў СВА» не існуе, яны будуць роўна тым, што Пуцін палічыць патрэбным абвясьціць сваёй перамогай на той момант, калі ён вырашыць спыніць вайну, — разважае суразмоўца «Системы», знаёмы з пазыцыяй Пуціна па перамоўным працэсе. — Захоча — скажа, што стварыў сухапутны калідор да Крыму і вярнуў «Наваросію», захоча — скажа, што зьнішчыў усю ўкраінскую энэргетыку. Ён зможа ў любы момант абвясьціць сваёй перамогай і дасягненьнем мэтаў усё што заўгодна.
Пытаньне толькі ў тым, калі ж Пуцін вырашыць спыніць гэтую вайну — і якія для гэтага павінныя скласьціся ўмовы на полі бою.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў кастрычніку прадставіў свой «плян перамогі»: падрабязнае апісаньне таго, што, з пункту гледжаньня ўкраінскіх уладаў, заходнія партнэры павінны даць Украіне, каб Расея перастала адчуваць перавагу і была вымушаная пайсьці на замарозку канфлікту і перамовы. Напрыклад, дазволіць Украіне наносіць удары ўглыб Расеі і прыняць Украіну ў NATO.
Сярод заходніх чыноўнікаў і кіраўніцтва Паўночнаатлянтычнага альянсу, з аднаго боку, усё часьцей сталі гучаць заявы аб тым, што шлях Украіны ў NATO непазьбежны. Зь іншага боку, адзінага рашэньня па гэтым пытаньні няма, адзначала газэта Le Monde у сярэдзіне кастрычніка: залежаць яно будзе як ад выніку прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША, так і ад будучай пазыцыі асобных сяброў Альянсу.
Але сама лёгіка гэтых заяваў палягае ў тым, каб, сярод іншага, паўплываць на пераасэнсаваньне Пуціным сваіх мэтаў у гэтай вайне: сытуацыя можа зьмяніцца, калі сам Пуцін усьвядоміць, што ні пры якім магчымым сцэнары вайны Ўкраіна не капітулюе і ня вернецца ў арбіту Расеі, лічыць Эрык Чарамэла: «Я думаю, што заходнія лідэры прыходзяць да высновы, што адзіны спосаб дасягнуць гэтага ўсьведамленьня Пуціным — гэта сур’ёзна прасунуцца наперад па наборы гарантыяў бясьпекі для Ўкраіны, якімі, магчыма, павінна быць сяброўства ў NATO. Таму што гэта адзіны фармат гарантый бясьпекі ў Эўропе, які расейцы сапраўды разумеюць».
Пакуль што Пуцін, аднак, не праяўляе прыкметаў таго, што гэтая лёгіка яму зразумелая. Улетку 2024 году ён казаў, што для пачатку любых перамоваў Украіна павінна пагадзіцца з тым, што Крым, Данецкая, Луганская, Херсонская і Запароская вобласьці ўваходзяць у склад Расеі. Крыніца «Системы», знаёмая зь цяперашняй пазыцыяй Пуціна па перамовах, сьцьвярджае, што пасьля курскай апэрацыі УСУ расейскі прэзыдэнт актыўна трансьлюе свайму асяродзьдзю думку, што Расея будзе ваяваць да поўнай капітуляцыі Ўкраіны.
Нядаўна ўпершыню за два з паловай гады прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч пагаварыў з Пуціным, паведаміў Bloomberg. Паводле інфармацыі выданьня, калі Вучыч узняў тэму спыненьня агню, Пуцін адказаў, што Расея выканае ўсе мэты сваёй «СВА».
Кроніка: што вядома пра перамовы Расеі і Ўкраіны ў 2022 годзе і якія дакумэнты ўжо публікаваліся
- 28 лютага: Першая сустрэча дэлегацый у рэзыдэнцыі «Ляскавічы» ў Беларусі.
- 3 сакавіка: другі раўнд перамоваў, Камянюкі, Беларусь
- 7 сакавіка: трэцяя сустрэча дэлегацыяў. Расейскія перамоўнікі прывезьлі з сабой дакумэнты, якія прапаноўвалі падпісаць украінскай дэлегацыі. Менавіта гэтыя дакумэнты і апісаныя ў нашым артыкуле. Цалкам яны раней не публікаваліся.
- 17 сакавіка: бакі напісалі праект будучай магчымай дамовы, у якой былі адзначаныя пункты, наконт якіх пазыцыі бакоў разыходзяцца. Гэты дакумэнт украінскія чыноўнікі тады паказалі заходнім партнэрам. Цалкам дакумэнт публікавала The New York Times.
- 29 сакавіка: украінскія і расейскія перамоўнікі сустрэліся ў Стамбуле. На аснове гэтых размоў было складзена «камюніке», якое падсумоўвае прапанаваную ўгоду. Гэтае камюніке публікавалася раней у СМІ, яно таксама ёсьць у распараджэньні «Системы».
- 15 красавіка: самы позьні зь вядомых цяпер чарнавікоў дамовы. Тая вэрсія, якая была апублікаваная ў The New York Times і якая таксама ёсьць у распараджэньні «Системы», была адпраўленая расейскаму прэзыдэнту. З высокай імавернасьцю новых дакумэнтаў і варыянтаў дамовы бакі больш не распрацоўвалі.