Масква дала грамадзянства 3344 замежнікам за ўдзел у вайне супраць Украіны

Ілюстрацыйнае фота

Расея з пачатку 2024 года дала грамадзянства 3344 замежнікам на падставе ўказу кіраўніка Расеі Ўладзіміра Пуціна, які дазволіў выдаваць пашпарты ўдзельнікам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну і іх сямейнікам.

Пра гэта паведаміла афіцыйная прадстаўніца расейскага Міністэрства ўнутраных спраў Ірына Воўк.

У паведамленьні Воўк не гаворыцца, грамадзяне якіх краін атрымалі расейскія пашпарты і ці тычыцца названая ёю лічба толькі вайскоўцаў ці іх блізкіх таксама. Пуцін дазволіў прымаць у грамадзянства вайскоўцаў, якія заключылі гадавы кантракт з расейскім войскам або ваююць у прарасейскіх вайсковых фармаваньнях.

У час вайны з Украінай у Расеі таксама прынялі законы, якія дазваляюць спыняць грамадзянства натуралізаваных грамадзян, якія адмовіліся стаць на воінскі ўлік. У верасьні МУС паведаміла, што пачало выконваць гэты закон.

Акрамя таго, быў рэзка пашыраны сьпіс падставаў, па якіх натуралізаваныя грамадзяне могуць быць пазбаўленыя пашпартоў. Воўк расказала, што за першыя восем месяцаў 2024 году пашпартоў пазбавіліся 1117 натуралізаваных расейскіх грамадзян.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва ўкраінскай выведцы распавялі, чым Расея ўзброіла вайскоўцаў КНДР, перакінутых да межаў Украіны