Тайвань спыніў пастаўкі станкоў у Расею. Санкцыі ўводзілі і супраць Беларусі

Сьцяг Тайваню

Гэта адбылося пасьля ўзмацненьня жорсткасьці правілаў экспартнага кантролю, зьвязанага з магчымасьцю выкарыстоўваць станкі ў ваенных мэтах.

Выданьне Taiwan News спасылаецца на Міністэрства эканомікі краіны. Заяву зрабілі пасьля публікацыі дакладу брытанскага Каралеўскага аб’яднанага інстытуту абаронных дасьледаваньняў і Open Source Centre — урадавага цэнтру ЗША.

У дакладзе Тайвань згадваўся як пастаўшчык станкоў для Расеі.

Даклад таксама зьмяшчаў асьцярогі пра тое, што станкі могуць выкарыстоўвацца ў ваенных мэтах. Міністэрства эканомікі прыняло меры для спыненьня іх экспарту ў Расею.

Таксама на Тайвані прыкметна павялічылі штраф за першае парушэньне санкцый — цяпер гэта адзін мільён тайваньскіх даляраў (прыкладна 31 310 даляраў ЗША). Гэтыя захады прынесьлі ўжо станоўчыя вынікі, лічаць у міністэрстве.

У сакавіку ўлады Тайваню ўнесьлі ў пашыраны сьпіс абмежаваньняў на экспарт у Расею і Беларусь 77 відаў станкоў зь лічбавым праграмным кіраваньнем, у тым ліку электрахімічныя, апрацоўчыя, такарныя, фрэзэрныя, шліфавальныя і іншыя станкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўвялі санкцыі супраць чатырох кампаній за супрацоўніцтва зь беларускімі прадпрыемствамі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палову артылерыйскіх снарадаў Расея атрымлівае ад КНДР, — The Times