Стаў вядомы вырак курсанту Акадэміі МУС за «здраду дзяржаве» і «падрыхтоўку да ўдзелу ў вайне»

Судовая заля. Ілюстрацыйнае фота

21-гадовага курсанта Акадэміі МУС Ільлю Нарышкіна асудзілі на 15 гадоў калёніі. Яго судзілі ў закрытым рэжыме ў Горадзенскім абласным судзе.

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што 14 жніўня ў Горадзенскім абласным судзе на 15 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму асудзілі палітзьняволенага курсанта Акадэміі МУС Ільлю Нарышкіна. Таксама ён абавязаны выплаціць 600 базавых велічынь штрафу (24 тысячы рублёў).

Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 361-3 ККУ («Удзел ці падрыхтоўка да ўдзелу грамадзяніна Беларусі да ваенных дзеяньнях на тэрыторыі замежнай дзяржавы») і ч. 2 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»). Справу разглядаў судзьдзя Юры Казакевіч.

Ільля родам са Слоніма, але частку дзяцінства правёў у Горадні. Ягоны бацька — украінец, нарадзіўся ў Крывым Рогу.

Ільля Нарышкін вучыўся ў Акадэміі МУС Беларусі, цяпер мусіў бы скончыць трэці курс крымінальна-выканаўчага факультэту.

Нарышкін выступаў у розных конкурсах і ўдзельнічаў у інтэлектуальнай гульні ад тэлеканалу «Беларусь-2», якая называецца «Вежа», апошнія публічныя зьвесткі пра яго датуюцца сакавіком 2023-га, паведамляла «Наша ніва».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі дваіх беларусаў пакаралі 12 гадамі калёніі ў справе аб дывэрсіі на чыгунцы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 22 кастрычніка: затрымалі журналіста Ігара Ільяша, экс-міліцыянта завочна асудзілі на 15 гадоў