У Іране студэнтка разьдзелася на знак пратэсту супраць перасьледу за парушэньне правілаў нашэньня хіджабу

Студэнтка Ісламскага ўнівэрсытэту Азад прыйшла на вучобу ў сподняй бялізьне

У Тэгеране студэнтка Ісламскага ўнівэрсытэту Азад прыйшла ў кампус у сподняй бялізьне ў знак пратэсту супраць перасьледу за парушэньне правілаў нашэньня хіджабу. Маладую жанчыну затрымалі. Amnesty International заклікала да неадкладнага яе вызваленьня.

Паводле зьвестак Iran International, раней на студэнтку напалі супрацоўнікі службы бясьпекі ўнівэрсытэту і прадстаўнікі праўрадавай моладзевай арганізацыі «Басідж» за «няправільнае» нашэньне хіджабу. Яны парвалі яе хустку і адзеньне, паведамляе Іранская служба Радыё Свабода (Радыё Фарда).

Пасьля акцыі дзяўчыну затрымалі і сілком пасадзілі ў аўтамабіль. Паводле інфармацыі СМІ, падчас затрыманьня яна атрымала траўмы — на шынах аўтамабіля, на якім яе везьлі, былі відаць плямы крыві. Мяркуецца, што яна магла стукнуцца аб дзьверцы аўтамабіля ці слуп.

Студэнцкі тэлеграм-канал Amir Kabir Newsletter піша, што яе адправілі ў псыхіятрычны стацыянар. Ва ўнівэрсітэце заявілі, што дзяўчына нібыта мае псыхічныя разлады.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International запатрабавала неадкладна адпусьціць затрыманую студэнтку. Да яе вызваленьня ўлады павінны абараніць яе ад катаваньняў і іншых відаў жорсткага абыходжаньня, а таксама забясьпечыць доступ сям’і і адвакату, вінаватыя павінны быць прыцягнуты да адказнасьці, гаворыцца ў паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іран: за адмову насіць хіджаб жанчынам будзе пагражаць да 10 гадоў турмы, а штрафы вырастуць у тысячы разоў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Талібы забаранілі жанчынам у Афганістане чытаць услых Каран і маліцца ў прысутнасьці іншых жанчын