Яўка на другі тур прэзыдэнцкіх выбараў у Малдове за некалькі гадзін да закрыцьця ўчасткаў ужо перавысіла лічбы першага

Прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду на выбарчым участку, 3 лістапада 2024 году

Галоўная інспэкцыя паліцыі да 13.00 мясцовага часу зафіксавала больш за 50 фактаў, зьвязаных з выбарчым працэсам. Большасьць такіх выпадкаў датычыцца фатаграфаваньня бюлетэняў — 11.

Агулам зафіксавана 11 фактаў фатаграфавання бюлетэняў, складзена 3 пратаколы, паведамляе малдоўская служба Свабоды.

Выпадак фатаграфаваньня бюлетэня быў таксама зафіксаваны карэспандэнтам Свабоды на адным з трох выбарчых участкаў у Варніцы, арганізаваных для жыхароў Прыднястроўя, дзе прагаласавала ў пяць разоў больш, чым у першым туры выбараў.

Назіральная місія Асацыяцыі Promo-LEX паведаміла пра 12 інцыдэнтаў, зьвязаных з забесьпячэньнем парадку і наяўнасьцю перадвыбарчай рэклямнай прадукцыі, а таксама яшчэ пра 22 выпадкі неабгрунтаванага знаходжаньня пабочных асоб на выбарчым участку або ў радыюсе 100 мэтраў.

Ужо па стане на 15:30 колькасьць малдаванаў, якія прагаласавалі ў другім туры, на 3,88% перавысіла яўку на першы тур прэзыдэнцкіх выбараў.

Паводле наяўнай інфармацыі, на выбарах прагаласаваў ужо 41,08% выбаршчыкаў, зарэгістраваных у выбарчых сьпісах напярэдадні галасаваньня. На выбарах у 2020-м годзе яўка склала 39%.

Вядома, што ў Беларусі рэжым Лукашэнкі зарганізаваў карцінку побач з амбасадай Малдовы ў Менску, фатаграфуючы і здымаючы на відэа грамадзянаў Малдовы, якіх арганізавана падвезьлі аддаць голас на выбарах.

У другім туры прэзыдэнцкіх выбараў за пасаду змагаюцца дзейная прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду, вядомая сваімі празаходнімі поглядамі, і былы генэральны пракурор краіны Аляксандар Стаяногла, якога многія палітычныя экспэрты адносяць да прарасейскіх сілаў.

Спэцслужбы Малдовы напярэдадні выбараў неаднаразова папярэджвалі пра намеры Масквы ўмешвацца ў працэс правядзеньня выбараў у краіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што трэба ведаць пра двух кандыдатаў, якія змагаюцца за пасаду прэзыдэнта Малдовы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як у Малдове рыхтуюцца да другога туру прэзыдэнцкіх выбараў і якія шанцы на перамогу мае дзейная прэзыдэнтка