Ужо больш за дзесяць гадоў працягваецца рэстаўрацыя Наваградзкага замку, ад якога заставаліся толькі руіны. Абломкі вежаў Касьцельнай і Шчытоўкі. Выданьне Onliner расказала, як прасоўваецца рэстаўрацыя.
Рэканструкцыя складаецца з шасьці пускавых комплексаў — зараз якраз завяршаецца пяты этап. Замест вежаў, якія тырчалі на гары дзесяцігодзьдзямі, віднеюцца абрысы замку. Тут зьявіліся фартыфікацыйныя каменныя сьцены з высокімі мэталічнымі варотамі і некалькі аглядных балькончыкаў.
За плотам, абцягнутым зялёным пакрыцьцём, стаіць рэстаўрацыйная тэхніка, а таксама матэрыялы.
«На тэрыторыі аднаўляюцца да рознай вышыні — ад 1 да 3 мэтраў — абарончыя сьцены. Зараз можна на свае вочы ўбачыць ня проста груду камянёў, а паўнавартасны мур. Па пэрымэтры фартыфікацыйныя сьцены злучаюць вежы, якія захаваліся, — расказвае начальніца аддзелу культуры Наваградзкага райвыканкаму Марына Шабановіч. — Працы плянуем скончыць ужо ў лістападзе».
Самі будынкі надзейна закансэрваваныя — дзеля таго, каб не разбураліся.
«Мы ўзмацнілі сьцены Касьцельнай вежы, выраўнялі, абтынкавалі, захаваўшы пры гэтым аўтэнтычныя фрагмэнты: у муры ёсьць цаглінкі, якія адносіліся да пэрыяду, калі вежа яшчэ была цэлай і выконвала свае функцыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гістарычны цэнтар Наваградку прызналі помнікам міжнароднага значэньняШосты этап рэстаўрацыі закране вежу Шчытоўку — зараз падыходзіць да канца ўзгадненьне праекту. Работы працягнуцца ў 2025 годзе. У часткі, якая захавалася, выкарыстоўваюць рэстаўрацыйную цэглу ручной працы, а ва ўзнаўленьні трачаных фрагмэнтаў збудаваньня — новая цэгла. Такім чынам хочуць падкрэсьліць розьніцу паміж новымі і старымі ўчасткамі муру.
Калі аб’ект адновяць, унутры плянуюць адкрыць музэйную экспазыцыю, якая расказвае гісторыю Наваградзкага замку. Яе часткай могуць стаць археалягічныя знаходкі, выяўленыя тут падчас раскопак.
З 1 верасьня тэрыторыю замку адкрылі для турыстаў. Уваход каштуе 1 рубель. Набыць білет можна каля драўлянага кіёску побач з уваходам у комплекс ва ўсе дні, акрамя панядзелка. Наступныя рэстаўрацыйныя работы не перашкодзяць праходу на тэрыторыю замку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні з Новага замку зьнялі мэмарыяльную шыльду ў гонар Касьцюшкі